
Круглы стол, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Давіда Сімановіча
- Details
- Створана 27.06.2022 09:02
23 чэрвеня 2022 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбыўся круглы стол «Этот город принял меня однажды...», прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння паэта, празаіка, перакладчыка, грамадскага дзеяча Давіда Сімановіча.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян, якая расказала пра некаторыя мерапрыемствы з удзелам абласной бібліятэкі, прысвечаныя Давіду Сімановічу. Загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Алена Бондарава расказала пра багаты асабісты архіў пісьменніка і прадэманстравала электронную прэзентацыю «Обзор личных документов Д. Г. Симановича, хранящихся в управлении Государственного архива Витебского области». Акрамя таго, да юбілею Давіда Сімановіча супрацоўнікі архіва арганізавалі выставу «...пишу автопортрет души на фоне века», якую прадставілі на мерапрыемстве. Супрацоўнікамі бібліятэкі была наладжана кніжная выстава «Гений места» і выстава аўтографаў Давіда Сімановіча.
Давід Сімановіч прыклаў нямала намаганняў да вяртання ў Віцебск імя Марка Шагала. З дакладам «Давид Симанович и Музей Марка Шагала в Витебске» выступіла дырэктар музея Ірына Воранава. У сваім выступленні «Д. Г. Симанович и возвращение Марка Шагала» тэму працягнула старшыня апякунскага савета Музея Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая.
Доктар філалагічных навук, загадчык кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Алена Крыклівец выступіла з дакладам «Лирика Д. Г. Симановича в контексте антологии современной русскоязычной поэзии Беларуси "Поэзия русского слова"». Пра ролю Давіда Сімановіча ў наладжванні замежных кантактаў распавёў дырэктар Віцебскага бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік» Сяргей Галуза. Журналіст, пісьменнік Аркадзь Шульман прадставіў даклад «Переводы Давида Симановича с идиш».
На працягу мерапрыемства гучалі вершы Давіда Сімановіча ў выкананні ўдзельнікаў інтэрнэт-праекта #читаемСимановича – жыхароў Віцебска і Нароўлі (радзімы Давіда Сімановіча). Вядучыя круглага стала – паэт Алег Сяшко і загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова прапанавалі ўсім ахвотным далучыцца да юбілейных мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння Давіда Сімановіча, якія працягнуцца да канца года.


































