
Прэзентацыя кнігі Тамары Красновай-Гусачэнкі «Край родны, любімы»
- Details
- Створана 20.12.2022 09:14
19 снежня ў бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнкі «Край родны, любімы».
Новая кніга Тамары Іванаўны з'яўляецца своеасаблівай вершаванай энцыклапедыяй для дзяцей, якая раскажа пра навакольны свет, прыроду роднага краю, навучыць правільна сябе паводзіць, растлумачыць, як вымаўляць некаторыя словы і здзівіць цікавымі і незвычайнымі загадкамі.
З прывітальным словам выступілі педагогі-дэфектолагі Валянціна Баранок і Марына Цітовіч. Яны распавялі аб сваёй шматгадовай працы з дзецьмі, у якой значную ролю адыгрываюць творы Тамары Іванаўны. Павіншавала з выхадам новай кнігі аўтара і пісьменніца Валянціна Шырынава.
Хлопчыкаў і дзяўчынак з СШ № 11 г. Віцебска чакаў сюрпрыз ад супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 9 імя С. Маршака. Яны падрыхтавалі два невялікіх лялечных спектакля па творах Тамары Іванаўны «Будзем сяброўства шанаваць» і «Моцны домік мой». Акрамя таго, юныя чытачы гулялі ў рыфмы, разгадвалі загадкі і атрымалі салодкія прызы ад пісьменніцы.
Напрыканцы сустрэчы дзеці парадавалі Тамару Іванаўну выдатным выкананнем яе вершаў, за што атрымалі падарункі.
Кніга «Край родны, любімы» не пакінула абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых.


































