
Творчы вечар Алены Крыклівец «Нітка асновы»
- Details
- Створана 22.03.2023 10:01
21 сакавіка ў бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэатам міжнародных літаратурных конкурсаў Аленай Крыклівец.
Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян адкрыла вечарыну, павіншаваўшы паэтэсу з Днём нараджэння і пажадаўшы ёй новых творчых перамог і сямейнага шчасця.
У гэты дзень павіншаваць Алену Крыклівец прыйшлі выпускнікі, калегі па рабоце і творчасці, яе родныя, настаўнікі, сябры. Цёплыя словы пра сваю калегу гаварылі дэкан факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Сяргей Нікалаенка, выкладчыкі ВНУ Юліяна Сусед-Вілічынская і Алена Міхайлоўская, студэнты педагагічнага факультэта, рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская. Выказала словы захаплення сваёй былой вучаніцай дырэктар гімназіі № 8 г. Віцебска Раіса Грабоўская.
Прыемным сюрпрызам для Алены Уладзіміраўны і ўсіх удзельнікаў сустрэчы стала выступленне мастацкага кіраўніка ўзорнага аматарскага калектыву Музычнай студыі «Альтанка», кампазітара, аранжыроўшчыка Мікалая Радзівонава, які расказаў пра даўняе супрацоўніцтва з Аленай Крыклівец як з паэтам-песеннікам. Салісты ансамбля выканалі песні на яе вершы.
Шмат цудоўных слоў у гэты вечар прагучала ад калег па творчасці – паэтэсы Алены Бабарыкі і кіраўніка маладзёжнага тэатра «Кола» Уладзіславы Цвікі.
Завяршальным акордам сталі шчырыя словы і віншаванні яе мужа, паэта Алега Сяшко. Аматары паэзіі, якія сабраліся ў гэты дзень у бібліятэцы, пачулі новыя вершы і любімыя вершаваныя радкі паэтэсы.


































