
Прэзентацыя кнігі «Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти»
- Details
- Створана 24.03.2023 08:31
23 сакавіка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі «Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти» пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа.
У кнізе прадстаўлены новыя і ранней невядомыя шырокай грамадскасці звесткі пра лагеры смерці на тэрыторыі Беларусі ў перыяд нацысцкай акупацыі. У яе ўключаны матэрыялы крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, а таксама інфармацыя з прац айчынных і замежных навукоўцаў.
У гады акупацыі ў Беларусі было створана больш за 500 лагераў смерці. Прыведзеныя ў кнізе прыклады – чарговы доказ сістэмнасці нацысцкіх злачынстваў і іх нацэленасці на татальнае знішчэнне жыхароў нашай краіны. На кожнай старонцы – факты пра тысячы людзей, забітых гітлераўскімі катамі і іх памагатымі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках, старшы саветнік юстыцыі пракуратуры Віцебскай вобласці Ігар Мяцеліца, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Андрэй Бялецкі, намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч.
Кніга «Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти» спрыяе захаванню гістарычнай праўды і памяці аб разбуральных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, якія ніколі больш не павінны паўтарыцца на нашай зямлі.


































