
Юбілейная творчая вечарына Тамары Красновай-Гусачэнкі «На одном дыхании»
- Details
- Створана 06.04.2023 14:39
5 красавіка ў бібліятэцы адбылася юбілейная творчая вечарына Тамары Красновай-Гусачэнкі.
Тамара Краснова-Гусачэнка – аўтар 28 кніг паэзіі, прозы, твораў для дзяцей, лаўрэат шматлікіх міжнародных літаратурных прэмій, лаўрэат першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Паэзія», «Чалавек года Віцебшчыны-2011», поўны кавалер дзяржаўных узнагарод – медаля і Ордэна Францыска Скарыны, аўтар гімна горада Віцебска і звання «Витебчанин года» (2019).
75-годдзе нязменнага старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратара і грамадскага дзеяча стала знакавай падзеяй у культурным жыцці Віцебшчыны.
Павіншаваць юбіляра прыйшло нямала сяброў і прыхільнікаў творчасці.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў павіншаваў Тамару Іванаўну з юбілейнай датай і ўзнагародзіў Ганаровай граматай старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Аўтухова зачытала прывітальны адрас спікера Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі.
Юбілейны вечар наведаў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, які ўручыў Тамары Іванаўне епархіяльны медаль Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы «Святого Владимира исповедника Витебского».
У ліку паважаных гасцей з добрымі пажаданнямі і шчырымі віншаваннямі выступілі начальнік аддзела культуры Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Наталля Шыянок, другі сакратар віцебскай абласной арганізацыі БРСМ Жанна Нарыцына, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава.
Віцебскай абласной бібліятэкай да юбілею паэта быў выдадзены біябібліяграфічны паказальнік «А чаша жизни все полнее...», які ўручыла Тамары Іванаўне дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян.
Цёплыя словы віншаванняў прагучалі і ад самых блізкіх людзей: дачкі Алены і ўнукаў Марыі і Кірыла.
Шматлікія госці, сярод якіх прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, устаноў культуры і адукацыі, віншавалі, гаварылі словы падзякі, уручалі кветкі і падарункі. Высокая ацэнка паэтычнага дару Тамары Іванаўны прагучала і ў выступах калег-паэтаў.
На вершы Тамары Красновай-Гусачэнкі напісана нямала песень беларускімі кампазітарамі. Святочны вечар быў упрыгожаны песнямі на музыку кампазітараў Аляксандра Іванова, Віктара Шавякова ў выкананні салісткі Віцебскай абласной філармоніі Аксаны Новікавай і выкладчыка Бабініцкай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыі Лабкоўскай.
Падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне скрыпачкі Аляксандры Савіных.
Супрацоўнікамі агульнай чытальнай залы была падрыхтавана кніжная выстава «Поэзии таинственная власть».


































