
Прэзентацыя кнігі Аляксандра Бараноўскага «Дзмітрый Прышчэпаў. Старонкі жыцця»
- Details
- Створана 28.04.2023 09:35
27 красавіка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук, загадчыка аддзела навукова-інфармацыйнай работы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Бараноўскага «Дзмітрый Прышчэпаў. Старонкі жыцця» і зборніка матэрыялаў канферэнцыі «Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна».
Аляксандр Бараноўскі – наш зямляк, ураджэнец г. Сянно. Ён аўтар 4 кніг, звыш 80 публікацый у беларускіх і замежных навуковых выданнях. Лаўрэат конкурса «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» за 2022 год.
З'яўляючыся ўкладальнікам зборніка матэрыялаў канферэнцыі «Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна», Аляксандр Віктаравіч спачатку спыніўся на найбольш цікавых дакладах, размешчаных у гэтым выданні. Сярод іх даклады супрацоўнікаў бібліятэкі Кацярыны Яскевіч «Сенненский район в информационных ресурсах Витебской областной библиотеки» і Таццяны Патоцкай «Сенненщина в информационном ресурсе Витебской областной библиотеки «Витебщина в войне 1812 года».
Кніга «Дзмітрый Прышчэпаў. Старонкі жыцця» прысвечана 125-годдзю з дня нараджэння (2021) былога кіраўніка Сенненскага павета, старшыні Віцебскага губернскага выканкама, кіраўніка Народнага камісарыята земляробства БССР. Падчас прэзентацыі аўтар нагадаў усім пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць Дзмітрыя Прышчэпава, расказаў пра архіўныя матэрыялы, выкарыстаныя ў выданні. Першая частка кнігі – біяграфічны нарыс аб жыцці і дзейнасці Д. Ф. Прышчэпава, другая ўтрымлівае яго асноўныя працы. Сваю новую кнігу і зборнік матэрыялаў канферэнцыі Аляксандр Бараноўскі перадаў у дар Віцебскай абласной бібліятэцы.


































