
Тэматычная гасцёўня «АРХИВАЖНО: История Витебщины в лицах»
- Details
- Створана 25.05.2023 15:12
24 мая ў бібліятэцы адбылася тэматычная гасцёўня «АРХИВАЖНО: История Витебщины в лицах», прысвечаная Году міру і стварэння і 85-годдзю Віцебскай вобласці.
Арганізатары мерапрыемства – галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў дзяржустаноў, Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Важнасць захавання памяці пра людзей, якія ўславілі родны край сваёй працай, падкрэслілі намеснік старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржустаноў Юрый Чарнуха, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Марына Быкава, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Алена Няфёдава, вядучая тэматычнай гасцёўні, намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч.
Выступленні загадчыка аддзела навукова-інфармацыйнай работы інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Бараноўскага і члена каардынацыйнага савета Міжнароднай асацыяцыі грамадскіх пошукавых аб'яднанняў «Народная памяць пра абаронцаў Айчыны», ветэрана пошукавага руху Ларысы Бруевай былі прысвечаны Пятру Міронавічу Машэраву. Пра былога рэктара Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны расказаў вучань Міхаіла Сцяпанавіча, дацэнт акадэміі Дзяніс Голубеў. Галоўны захавальнік фондаў беларускага дзяржаўнага архіва кінафота-фонадакументаў Ала Кот расказала пра цікавыя аўдыявізуальныя дакументы па гісторыі Віцебшчыны, што захоўваюцца ў архіве, і прадэманстравала некаторыя матэрыялы з Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам, Аляксандрам Ільінскім. З вялікай цікавасцю слухалі ўдзельнікі мерапрыемства выступленне астранома, аўтара падручнікаў і кніг па астраноміі Уладзіміра Голубева. Пра знакамітых віцяблян Давіда Сімановіча і Фёдара Шмакава, іх асабістыя фонды расказалі загадчык аддзела Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Алена Бондарава і вядучы архівіст Святлана Мясаедава. Навучэнцы сярэдняй школы № 12 г. Віцебска выступілі з літаратурнай кампазіцыяй па вершах Давіда Сімановіча. А вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Жукоўская прысвяціла сваё выступленне Фёдару Шмакаву. Загадчык аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларыса Рагачова расказала пра інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі, у якіх утрымліваюцца звесткі пра знакамітых людзей Віцебшчыны. Супрацоўнікамі архіва і бібліятэкі былі падрыхтаваны выставы, прысвечаныя гісторыі Прыдзвінскага краю.


































