
З кнігай – лепшая ідэя, з сябрам – лепшая задума!
- Details
- Створана 29.05.2023 12:50
Вынікі абласнога конкурсу дзіцячых бібліятэчных гульнявых праграм «Задума» падвялі 25 мая ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна.
У свяце дзяцінства і творчасці, таленту і аптымізму прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм рэгіёна, журы абласнога спаборніцтва, а галоўнае – віцебскія школьнікі.
Са студзеня па красавік у гарадскіх і сельскіх бібліятэках вобласці ў рамках конкурсу адбыліся 38 гульнявых праграм, гледачамі якіх сталі больш за 600 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў. Палёт бібліятэчнай думкі, творчая рызыка і атмасфера стваральнай працы ярка праявіліся ў выбары тэм праграм, падборы рэквізіту і сцэнічных касцюмах для конкурсных работ.
Матэрыялы гульнявых праграм – сцэнарый, відэаролік і фотасправаздача – ацэньвала прафесійнае журы: Таццяна Адамян, дырэктар ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», старшыня журы; Зоя Гукава, галоўны спецыяліст аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта; Алена Сабірава, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму; Святлана Дзядзінкіна, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта; Марыя Ножнікава, выкладчык цыклавой камісіі «Рэжысура і майстэрства акцёра» УА «Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў»; Мікалай Неменаў, рэжысёр Народнага Тэатра гульні ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"»; Алег Рыхтэр, артыст – вядучы майстар сцэны Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Беларускі тэатр "Лялька"».
Паводле вынікаў галасавання журы і рашэння заснавальнікаў – ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» і Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму – былі вызначаныя лаўрэаты і ўладальнікі спецыяльных узнагарод.
У намінацыі «Сярод бібліятэк, размешчаных у горадзе (цэнтральныя раённыя/гарадскія, гарадскія, дзіцячыя)»: I Прэмія – Шаркаўшчынская дзіцячая бібліятэка ДУК «Шаркаўшчынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"» (фальклорная тэатралізаваная праграма «Ляліны забавы»); II Прэмія – Дзіцячая бібліятэка ДУК «Верхнядзвінская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» (літаратурнае свята «Падарожжа ў Краіну Цудаў» паводле кніг Льюіса Кэрала); III Прэмія – Гарадская дзіцячая бібліятэка-філіял № 49 ДУК «Талачынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» (турнір знаўцаў беларускай мовы «Ад зерня – колас, ад слова – мова»).
У намінацыі «Сярод бібліятэк, якія знаходзяцца ў пасёлках гарадскога тыпу, сельскіх населеных пунктах»: I Прэмія – Капцянская сельская бібліятэка ДУК «Віцебская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» (гульня-падарожжа «Запрашаем у Беларусь»); II Прэмія – Пагашчанская бібліятэка ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна» (марская вечарынка «Кругасветка з Какосам Маракосам» паводле казкі Сержа Мінскевіча «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса»; III Прэмія – «Старалядзенская сельская бібліятэчная сістэма» (гульнявая праграма «Мы едзем, едзем, едзем у далёкія краі...»).
Уладальнікамі спецыяльных прызоў сталі: «За навацыйныя формы работы і крэатыўны падыход» – Цэнтральная бібліятэка імя А. С. Пушкіна ДУК «Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» (свята «Да здравствуют каникулы!»); «За адлюстраванне ў рабоце мясцовага фальклорнага матэрыялу» – Аддзел па рабоце з дзецьмі цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК «Лёзненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» (гульнявая праграма па работах М. Я. Нікіфароўскага «Як на нашым на балоце»); «За творчы падыход і артыстызм» – Вярхоўская сельская бібліятэка ДУК «Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» (забаўляльна-гульнявая праграма «Усё пра казкі і не толькі»).
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і адкрыццё святочнага дня прайшлі з удзелам артыстаў моладзевага тэатра «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск». Вядучы майстар сцэны Беларускага тэатра «Лялька» Алег Рыхтэр арганізаваў імправізаваны спектакль, у якім з задавальненнем сыгралі дзеці і дарослыя.
Пасля гледачы адправіліся ў «Падарожжа ў краіну цудаў» – сваю інтэрактыўную праграму прадставіла дзіцячая бібліятэка Верхнядзвінскай ЦБС пры падтрымцы народнага Тэатра гульні Цэнтра культуры «Віцебск». Казачны свет герояў кніг Льюіса Кэрала маляўніча праілюстравала выстава выданняў з асабістай калекцыі загадчыка аддзела краязнаўства Ларысы Рагачовай.
За круглым сталом «Тэатралізавана-гульнявыя формы публічных бібліятэк» журы і ўдзельнікі абласнога конкурсу падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў «Задумцы», абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкнуліся пры падрыхтоўцы дзіцячых гульнявых праграм, пагаварылі аб эфектыўнасці і перспектывах такіх праектаў пры рабоце з маленькімі чытачамі.
У час «Падарожжа ў Баламуцію з героямі мультфільма "Чароўная кніга МНС"» прадстаўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь навучылі дзятву тэлефонным нумарам экстраных аператыўных службаў для паведамленняў аб пажарах і іншых надзвычайных сітуацыях і важным правілам паводзін у выпадках іх узнікнення.
Прэм'ерны паказ батлеечнага спектакля «Хрыстос Уваскрос!» прадставіў новы фармат асветніцкай работы Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна ў рамках праграмы «Жывое слова мудрасці духоўнай».
Актыўна ўцягнутая ў інтэрактыўную шоў-праграму свята «Да здравствуют каникулы!» Цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Аршанскай ЦБС дзятва ацаніла годна – усе спявалі, гулялі і танчылі з казачнымі героямі.
У гэты дзень юныя чытачы і госці бібліятэкі пазнаёміліся з выставай навінак дзіцячай літаратуры, прадэманстравалі выдатныя веды на інтэрактыўнай пляцоўцы «Спілс-карта "Збяры Беларусь!"», рабілі яркія кадры на фотазонах «З кнігай – лепшая ідэя, з сябрам – лепшая задума!» і «Бібліятэка любімага горада». Карысталася поспехам выязное «Кафэ 16» ад Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа.


































