
Адкрыццё фотавыставы Юрыя Бялінскага «Запавет унуку», прысвечанай 120-годдзю С. С. Гейчанкі
- Details
- Створана 13.07.2023 12:10
12 ліпеня ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае» (Расійская Федэрацыя) і Віцебскай абласной бібліятэкай адбылося адкрыццё выставы работ фотакарэспандэнта Агенцтва «Фото ИТАР-ТАСС» Юрыя Бялінскага.
Юрый Георгіевіч з Пушкінагор'ем звязаны з 1966 года, яго здымкамі праілюстраваны многія кнігі пра А. С. Пушкіна і Пушкінскія месцы Пскоўскай вобласці.
Фотавыстава «Запавет унуку» ўключае ў сябе больш за трыццаць фатаграфій і прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Сямёна Сцяпанавіча Гейчанкі (1903–1993) – легендарнага захавальніка, першага пасляваеннага дырэктара музея-запаведніка А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае» ў Пскоўскай вобласці. Уся яго дзейнасць была звязана з аднаўленнем і развіццём зараз сусветнавядомых Міхайлаўскага, Трыгорскага, Пятроўскага. У Міхайлаўскае ехалі не толькі да Пушкіна, але імкнуліся ўбачыць Гейчанку, пачуць яго натхнёнае слова пра вялікага паэта.
Пра гэтага незвычайнага чалавека, даследчыка расказалі супрацоўнікі музея-запаведніка Рыма Валянцінаўна і Канстанцін Пятровіч Бурчанковы. Падчас адкрыцця выставы быў прадэманстраваны фільм Мікалая і Андрэя Аляксеевых «Пушкінскі Запаведнік з паднябесся», паказ суправаджаўся каментарыямі цяперашняга дырэктара музея Георгія Мікалаевіча Васілевіча.
Выстава адкрыта да 30 ліпеня.


































