
Гістарычная вандроўка «Пачатак слаўных спраў»
- Details
- Створана 05.09.2023 15:33
У рамках бібліятэчнага праекта «Літаратурныя ўрокі для школьнікаў: новы фармат» 2 верасня для вучняў 6-х класаў сярэдняй школы № 4 г.Віцебска адбылося гістарычнае падарожжа «Пачатак слаўных спраў», прысвечанае Дню беларускага пісьменства.
Супрацоўнікі агульнай чытальнай залы пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з цікавымі фактамі і падрабязнасцямі пра жыццё і дзейнасць выдатных беларускіх асветнікаў – Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, Спірыдона Собаля.
Для лепшага разумення значэння літаратуры і культуры ў гісторыі беларускага народа былі складзены заданні пазнавальнай віктарыны. Удзельнікі каманд «Аз» і «Букі» ў інтэлектуальнай барацьбе праверылі свае веды, праявіўшы кемлівасць і ўменне працаваць у камандзе. Упэўненую перамогу з лікам 12:6 атрымала каманда «Аз». Усе ўдзельнікі бібліятэчнага праекта атрымалі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі па тэме, якія раней не чыталі, і абраць для сябе нешта новае і цікавае.


































