
Тыдзень бацькоўскай любові
- Details
- Створана 11.10.2023 14:16
Тыдзень бацькоўскай любові ў Беларусі пачынае Дзень маці (14 кастрычніка) і завяршае Дзень бацькі (21 кастрычніка). Гэтыя дні поўныя асаблівай увагі і прызнання намаганняў кожнага з бацькоў, падзякай за любоў, якую яны ўкладаюць у выхаванне сваіх дзяцей.
У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна Тыдзень бацькоўскай любові прысвечаны падтрымцы сямейных каштоўнасцей і стварэнню атмасферы ўзаемаразумення і падзякі тым, хто дорыць нам жыццё.
У бібліятэцы аформлены тэматычныя выставы «Імя табе – Мама» (аддзел абанемента), «Святло бацькоўскай любові» (агульная чытальная зала); «Святло матчынай душы» (аддзел перыядычных выданняў), на якіх прадстаўлены кнігі і часопісы пра мацярынства і бацькоўства, мастацкія творы пра важную ролю бацькоў у лёсах сваіх дзяцей, гісторыі ўзаемаадносін і пераадолення канфліктаў унутры сям'і, а таксама навінкі літаратуры для ўсіх мам і тат, якія любяць чытаць.
Публічны цэнтр прававой інфармацыі аб'яднаў на выставе «Найвялікшае права – быць бацькамі» кнігі, брашуры, буклеты на тэму сям'і, ролі маці і бацькі ў выхаванні дзяцей, пра праблему сацыяльнага сіроцтва і абарону правоў дзяцінства.
Пра значэнне і гісторыю ўзнікнення праваслаўнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, хрысціянскім шанаванні бацькоў расказваюць выставы літаратуры «Святыя жанчыны зямлі беларускай» (аддзел абанемента); «Пад Святым Пакровам» (дзіцячы аддзел).
Самая насычаная праграма запланавана ў дзіцячым аддзеле. 14 кастрычніка ўсіх жадаючых чакае квэст-экскурсія па бібліятэцы «Загадкі кніжных паліц». 15 кастрычніка на творчых майстар-класах навучаць рабіць сваімі рукамі паштоўку для таты, для мамы і для ўсёй сям'і (па папярэднім запісе). 16 кастрычніка можна пазнаёміцца з цікавымі і незвычайнымі кнігамі з фонду дзіцячага аддзела. 17 кастрычніка «знаўцаў» усіх узростаў чакае мноства літаратурных віктарын. 18 кастрычніка – дзень гульняў: будзем спаборнічаць у настольных, рухомых і інтэлектуальных забавах. 19 кастрычніка для юных і дарослых чытачоў падрыхтаваны сюрпрызы і бібліятэчныя акцыі. 21 кастрычніка прапануем паслухаць, як бібліятэкары чытаюць кнігі ўслых.
Прысвячэннем паэзіі і паэтам стане музычна-паэтычная гасцёўня «Рэлігіі нябеснай сястра зямная». Цікавыя і нечаканыя факты пра знакамітых і – невядомых бацькоў будучых паэтаў, пра ролю, якую бацькі адыгралі ў іх станаўленні і выхаванні, а таксама пра паэтаў-бацькоў раскажуць 19 кастрычніка ў Віцебскай абласной бібліятэцы. У мерапрыемстве плануецца ўдзел прадстаўнікоў Віцебскай епархіі і Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Для ўдзельнікаў і гледачоў РУП «Белпошта» прадставіць сваю святочную тэматычную прадукцыю.


































