
Восеньскія канікулы ў бібліятэцы
- Details
- Створана 23.10.2023 15:57
Выдатную магчымасць для школьнікаў пазнавальна і захапляльна правесці восеньскія канікулы прапануе Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна.
Прыняць удзел у агляднай экскурсіі па бібліятэцы будзе карысна ўсім, хто цікавіцца не толькі літаратурай, але і культурай і гісторыяй. Абнаўленне фондаў і электронных рэсурсаў адбываецца на рэгулярнай аснове. Школьнікі змогуць пашырыць свае веды пра магчымасці галоўнай захавальніцы ведаў у рэгіёне.
У выставачнай зале «ExLibris» дзеці і падлеткі ўбачаць больш за сотню рарытэтных выданняў ХІХ – пачатку ХХ стст. на беларускай, рускай і заходнееўрапейскіх мовах, мініяцюрныя кнігі, кнігі з экслібрысамі, факсімільныя выданні. Экспазіцыя «Што ні кніга, то дзівоцтва» пазнаёміць наведвальнікаў з незвычайнымі выданнямі, якія можна чытаць і з якімі можна гуляць.
Батлеечны спектакль «Выбар Прадславы» раскажа гісторыю дзяцінства Еўфрасінні Полацкай. У тыя часы, каб навучыцца чытаць і спасцігаць веды, трэба было прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу. І зрабіўшы няпросты выбар, яна змагла стаць першай беларускай асветніцай.
Інтэрактыўнае чытанне кнігі «Спадарыня Злюка» Соні Бугаевай будзе займальнай і вясёлай прыгодай, у якой кожная старонка стане часткай уласнага падарожжа чытача. У працэсе чытання дзеці адкажуць на пытанні, паўдзельнічаюць у стварэнні вобразаў герояў, змогуць паўплываць на падзеі ў жыцці нязноснай бабулі Спадарыні Злюкі.
Для вучняў малодшых класаў будуць праведзены майстар-класы па тэмах «Беларускія казкі» і «Героі міфаў і легенд Беларусі», а для сярэдніх – краязнаўчая віктарына «Падарожжа па родным краі».
Акрамя таго, ва ўтульных чытальных залах бібліятэкі можна працаваць у групе або самастойна, выкарыстоўваючы бясплатны доступ да інтэрнета і электронных рэсурсаў.
Прыходзьце ў бібліятэку і атрымлівайце асалоду ад усіх пераваг, якія мы прапануем! Чакаем вас у госці!


































