
Адзіны дзень інфармавання ў бібліятэцы
- Details
- Створана 29.11.2023 07:30
Адзіны дзень інфармавання па тэме «Эканамічная бяспека – ключавая ўмова ўстойлівага развіцця беларускай дзяржавы» правёў 28 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Карлюкевіч.
Сустрэча не абмежавалася зададзенай эканамічнай праблематыкай. Тэмамі адкрытай размовы таксама сталі асноўныя пытанні дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, узаемадзеянне бібліятэк і выдавецкага дома «Звязда».
Аляксандр Мікалаевіч расказаў пра структуру і ўмовы ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, падзяліўся некаторымі планамі святкавання 90-годдзя дзейнасці грамадскага аб'яднання, якое адбудзецца 2024 годзе.
Сярод прыярытэтаў выдавецтва «Звязда» назваў гістарычную, краязнаўчую літаратуру, даведачныя выданні і слоўнікі, мастацкую літаратуру, уключаючы эксклюзіўны праект з лепшай паэзіяй класікаў і сучаснікаў, а таксама кнігі для дзяцей.
Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што як краязнаўца і літаратуразнаўца з цікавасцю сочыць за навукова-практычнай канферэнцыяй «Віцебскі край», якая штогод праходзіць на базе бібліятэкі, назірае яе пастаяннае развіццё, лічыць унікальным прыкладам гістарычных і краязнаўчых даследаванняў і патрыятычнай дзейнасці.
Вынікам яе правядзення ён можа назваць сувязь літаратуры і краязнаўства на прыкладзе аўтараў, якія публікуюць свае даследаванні ў выглядзе манаграфій і зборнікаў, цікавых шырокаму колу чытачоў.


































