
Творчая сустрэча «Падзеі, людзі – музыка» з кампазітарам Аляксандрам Івановым
- Details
- Створана 06.12.2023 13:11
Творчая сустрэча «Падзеі, людзі – музыка» з кампазітарам Аляксандрам Івановым адбылася 5 снежня ў аддзеле літаратуры па мастацтве.
Аляксандр Віктаравіч нарадзіўся ў 1957 годзе ў г. Віцебску. Скончыў тэарэтычнае аддзяленне Віцебскага музычнага вучылішча (клас Н. Н. Усцінавай, 1990 г.) і Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю (клас Б. І. Цішчанка, 1997 г.), дзе вывучаў кампазіцыю пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў. З 1999 года – член Беларускага саюза кампазітараў.
Кампазітарам напісаны 7 сімфоній, сюіты і варыяцыі для аркестра, аднаактовыя балеты «Папялушка» і «Залатое цяля», 2 скрыпічныя канцэрты, 3 струнныя квартэты, санаты, вакальныя і харавыя цыклы, сачыненні для дзяцей. Музыка Аляксандра Іванова гучала на фестывалі «Пецярбургская восень». Яго творы выконвалі аркестр Дзяржтэлерадыё Беларусі, камерны струнны аркестр г. Мінска, яны запатрабаваны ў рэпертуары актэта балалаек «Віцебскія віртуозы», ансамбля «Кантраст» і іншых калектываў.
З 2019 года кампазітар і музыказнаўца паспяхова дзеліцца сваімі ведамі і вопытам у рамках праекта «Пра што нам расказвае музыка» ў абласной бібліятэцы.
На сустрэчы з публікай Аляксандр Віктаравіч падзяліўся ўспамінамі пра гады вучобы, расказаў пра сваіх педагогаў і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Яго творы, у тым ліку «Пецярбургскія вальсы», гучалі ў выкананні самога аўтара, запрашаючы слухачоў пагрузіцца ў свет дзіўнай музыкі.


































