
Прэзентацыя кнігі Аркадзя Падліпскага «Лазарь Лагин и его ”Старик Хоттабыч“»
- Details
- Створана 11.12.2023 10:08
Прэзентацыя кнігі Аркадзя Падліпскага «Лазарь Лагин и его "Старик Хоттабыч"», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка, адбылася 7 снежня ў абласной бібліятэцы.
Аркадзь Падліпскі старанна прасачыў жыццёвы шлях пісьменніка і журналіста, расказаў пра трагічныя і гераічныя старонкі яго лёсу.
Лазар Лагін – пісьменнік-франтавік, удзельнік абароны Адэсы, Керчы, Севастопаля, Наварасійска, вызвалення Румыніі, за мужнасць і гераізм адзначаны ордэнамі і медалямі.
У сваёй кнізе Аркадзь Міхайлавіч расказвае пра знакамітую дзіцячую аповесць-казку «Старик Хоттабыч» і пра іншыя творы Лазара Лагіна, пра яго ўважлівае стаўленне да маладых аўтараў, сярод якіх браты Стругацкія, Анатоль Алексін і іншыя, узгадвае пра ўшанаванне памяці пісьменніка.
На прэзентацыі выступіла краязнаўца Святлана Казлова, якая раней ўзначальвала Віцебскі літаратурны музей. Святлана Мікалаеўна расказала пра фонд Лазара Лагіна, які захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, свае сустрэчы з яго дачкой Наталляй Лагінай, і пра некаторыя загадкі, звязаныя з наведваннем пісьменнікам Віцебска.
Новая кніга Аркадзя Падліпскага – першае грунтоўнае даследаванне, прысвечанае Лазару Лагіну, якое не толькі раскрывае чытачу постаць знакамітага пісьменніка, але і дае штуршок да новых пошукаў у гэтым накірунку.


































