
Прафесійны візіт школьных бібліятэкараў
- Details
- Створана 11.12.2023 10:50
Калегі са школьных бібліятэк г. Віцебска і Віцебскай вобласці, слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі Дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі дарослых «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі» 7 снежня наведалі з прафесійным візітам Віцебскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна.
Сёння абласная бібліятэка – сучасны інфармацыйны, культурны і навукова-метадычны цэнтр рэгіёну. А з 2021 года тут актыўна развіваюць духоўна-асветніцкі напрамак. Школьным бібліятэкарам быў прадстаўлены досвед работы па мэтавай комплекснай праграме «Жывое слова мудрасці духоўнай», якую бібліятэка рэалізуе сумесна з Віцебскай епархіяй.
Загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая прэзентавала калегам мультымедыйны рэсурс «Святыя заступнікі Віцебшчыны», расказала пра складаныя моманты, якія прыйшлося пераадолець у працэсе работы над стварэннем праекта, зацікавіла шырокімі звесткамі пра святых нашага краю, якія бібліятэкары могуць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці. Гасцям быў паказаны батлеечны спектакль «Выбар Прадславы», прысвечаны дзяцінству святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Батлеечны тэатр з'явіўся ў бібліятэцы ў 2023 годзе і з'яўляецца своеасаблівым дадаткам да мультымедыйнага рэсурсу.
Таксама для бібліятэкараў была праведзена экскурсія па бібліятэцы. З вялікай цікавасцю калегі знаёміліся з сучасным дызайнерскім афармленнем, абноўленым кніжным фондам, абсталяванасцю і шматфункцыянальнасцю залаў. Наведвальнікам было прадэманстравана сучаснае тэхнічнае абсталяванне, якое мае бібліятэка. Аб асаблівасцях работы планетарнага сканара расказала вядучы бібліёграф аддзела захоўвання асноўнага фонду і аблічбоўкі дакументаў Юлія Малашонак.
Вялікую цікавасць у гасцей выклікаў фонд аддзела рэдкай кнігі і знаёмства з выставачнай залай «ExLibris», якая нядаўна адкрылася ў бібліятэцы. Загадчык аддзела Вольга Лебедзева надала асаблівую ўвагу краязнаўчым выданням, мініяцюрным кнігам, кнігам з экслібрысамі, факсімільным выданням, лепшым узорам сучаснага мастацтва кнігі.
Напрыканцы візіту госці падзякавалі арганізатарам за цікавую і пазнавальную праграму, а таксама выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва і абмен вопытам паміж школьнымі бібліятэкамі і абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна.


































