
Прафілактычны праект «На шляху да даўгалецця»
- Details
- Створана 19.12.2023 09:12
Як зрабіць жыццё чалавека сталага ўзросту дастойным, актыўным і радасным, як пазбавіць яго ад пачуцця адзіноты, адчужанасці, папоўніць дэфіцыт зносін, задаволіць патрэбнасці і інтарэсы – гэтыя і іншыя пытанні хвалююць у цяперашні час грамадскасць усяго свету.
Ужо не першы год Віцебская абласная бібліятэка сумесна з Віцебскім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя вядзе работу, накіраваную на павышэнне якасці жыцця людзей сталага ўзросту. У 2023 годзе бібліятэка стала пляцоўкай чарговага гарадскога інфармацыйна-адукацыйнага прафілактычнага праекта «На шляху да даўгалецця».
У рамках гэтага праекта Анжаліка Дзіканава, псіхолаг аддзела грамадскага здароўя Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, праводзіць трэнінгі для актыўных людзей старэйшага пакалення, асноўная мэта якіх – зніжэнне псіхалагічнага дыскамфорту і ўмацаванне псіхічнага здароўя ў цэлым. Вольныя, нязмушаныя зносіны аказваюцца вельмі карыснымі для людзей «залатога ўзросту», таму сярод чытачоў бібліятэкі ўжо з'явіліся пастаянныя ўдзельнікі гэтых мерапрыемстваў, якія змаглі здабыць унутраны спакой і гарманізаваць адносіны з навакольным светам.
Пасля невялікага перапынку заняткі ў рамках праекту «На шляху да даўгалецця» працягнуцца ўжо ў наступным, 2024 годзе.


































