
Літаратурна-музычная вечарына «Альманаху “Дзвіна” – 65!»
- Details
- Створана 27.12.2023 10:12
21 снежня ў бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына «Альманаху "Дзвіна" – 65!» і прэзентацыя 7-га выпуску літаратурнага альманаха «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная».
Невялікі канцэрт, з якім выступіў народны ансамбль «Кантраст» пад кіраўніцтвам Алены Мезенцавай дзіцячай школы мастацтваў № 4 г. Віцебска, падарыў у гэты дзень па-сапраўднаму святочны настрой усім прысутным.
У 1958 годзе выйшаў у свет першы выпуск абласнога літаратурна-мастацкага альманаха «Дзвіна» літаратурнага аб'яднання пры рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы». Сярод аўтараў альманаха – Уладзімір Караткевіч, Артур Вольскі, Алесь Савіцкі, Янка Журба, Давід Сімановіч, Анатоль Канапелька... Кароткі гістарычны нарыс пра Віцебск напісалі і надрукавалі тут Мікалай і Ніна Дарафеенкі. Гэты выпуск альманаха змяшчае вершы, апавяданні, нарысы, рэпартажы, шаржы, хроніку культурнага жыцця, ён даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Пра першы альманах расказала загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова.
Слаўныя традыцыі папярэднікаў працягвае новая «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная», якую выдае Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Пра асаблівасці сучаснага выдання расказала Тамара Краснова-Гусачэнка, складальнік альманаха і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Лірычныя песні на словы Тамары Красновай-Гусачэнкі прагучалі ў вельмі шчырым і душэўным выкананні Вікторыі Лабкоўскай. Паэты-аўтары альманаха прачыталі свае вершы. Перад прысутнымі выступілі Ірына Багданава, Андрэй Шуханкоў, Марына Шуханкова, Галіна Загурская, Ірына Радзіхоўская, Алена Крыклівец, Віктар Лагун, Міледзій Кукуць, Аляксандр Раткевіч, Віктар Улюценка, Іна Саламаха, Сяргей Красаў, Валянціна Шырынава, Лідзія Піскун, Тамара Кавалёва, Васіль Калтуноў, Мікалай Намеснікаў.


































