
Вечар «Сустрэча пакаленняў» да 100-годдзя з дня нараджэння Ефрасінні Зяньковай
- Details
- Створана 27.12.2023 13:44
22 снежня споўнілася 100 год з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна горада Віцебска Ефрасінні Зяньковай.
У гэты дзень у бібліятэцы адбыўся ўрачысты вечар «Сустрэча пакаленняў», прысвечаны нашай знакамітай зямлячцы. Ефрасіння Зянькова ў гады Вялікай Айчыннай вайны была сакратаром Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», партызанкай атрада імя К. Я. Варашылава партызанскай брыгады імя У. І. Леніна.
Ва ўрачыстым вечары прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, дачка Ефрасінні Зяньковай Святлана Зянькова, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, вучні «Школ міру», моладзь.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў вечара звярнуўся намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.
Арганізатар вечара, старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Таццяна Туманава расказала прысутным пра Ефрасінню Зянькову, пра дзейнасць падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», узгадаўшы імёны многіх юных падпольшчыкаў. Гэта выступленне было дапоўнена ўспамінамі ветэрана камсамола, ганаровага ветэрана Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Віктара Грузневіча, які таксама добра ведаў Ефрасінню Савельеўну Зянькову. Шчымліва і пранікнёна прагучала песня «Арлёнак», якую спявала на допыце падпольшчыца Ніна Азоліна, у выкананні навучэнца дзіцячай школы мастацтваў № 4 Аляксандра Агароднікава.
Пра памяць юных герояў падполля, якая захоўваецца на іх радзіме, расказаў дырэктар Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай Аляксандр Сачыўка, а навучэнцы школы, якая з'яўляецца «Школай міру», прысвяцілі сваё выступленне не толькі знакамітай зямлячцы, але і захаванню міру ва ўсім свеце.
У 2022 годзе імя Героя Савецкага Саюза Ефрасінні Зяньковай было прысвоена сярэдняй школе № 28 г. Віцебска, якая таксама ўваходзіць у сетку «Школ міру» ў Рэспубліцы Беларусь. Навучэнцы школы выступілі з прэзентацыяй пра гэту падзею і творчым нумарам.
Вядучы архівіст аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Алеся Багданава расказала пра дакументы Ефрасінні Зяньковай, што захоўваюцца ў архіве, а загадчык аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларыса Рагачова ўзгадала мерапрыемствы, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай, што адбыліся ў бібліятэцы на працягу года.
Цёплыя словы пра сваю маці, якая была надзвычай добрым чалавекам, заўсёды гатовым дапамагчы іншым людзям, сказала дачка Ефрасінні Зяньковай Святлана.
Напрыканцы вечара прагучалі песні ў выкананні ветэрана камсамола Сяргея Лузгіна і любімая песня Ефрасінні Зяньковай «Здесь птицы не поют», якую выканала дырэктар Старасельскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Казлова.


































