
Круглы стол «Актуальныя пытанні фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў па краязнаўстве»
- Details
- Створана 29.12.2023 13:56
28 снежня ў бібліятэцы прайшоў круглы стол «Актуальныя пытанні фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў па краязнаўстве». У яго рабоце прынялі ўдзел спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Тэма краязнаўства заўсёды актуальная, бо вывучэнне роднага краю з'яўляецца неад'емнай часткай адукацыі і выхавання любога чалавека. Удзельнікі круглага стала абмяркоўвалі пытанні фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, якія могуць дапамагчы ў вывучэнні краязнаўства. Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падзяліліся сваім досведам і напрацоўкамі ў гэтай сферы.
У дакладзе загадчыка сектара фарміравання лічбавых калекцый аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі НББ Аксаны Буйчык былі закрануты такія пытанні, як стварэнне і развіццё электронных рэсурсаў па краязнаўстве, забеспячэнне даступнасці гэтых рэсурсаў для шырокага кола карыстальнікаў, асабліва для моладзі і школьнікаў, а таксама шляхі выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны.
У прэзентацыі загадчыка навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі НББ Алены Маліноўскай «Анлайн-энцыклапедыя "Беларусь у асобах і падзеях"» былі прадстаўлены вынікі даследаванняў у галіне краязнаўства, а таксама прапанаваны новыя падыходы да фарміравання інфармацыйных рэсурсаў.
Загадчык аддзела аблічбоўкі дакументаў НББ Яўгеній Жук расказаў пра асаблівасці работы, звязанай з аблічбоўкай, захаваннем і выкарыстаннем архіўных і музейных матэрыялаў, рарытэтных выданняў і калекцый.
Падчас круглага стала адбылася дыскусія прадстаўнікоў абласной і Нацыянальнай бібліятэк па праблемных пытаннях функцыянавання рэгіянальнага зводнага электроннага каталога.
Правядзенне такога мерапрыемства садзейнічае развіццю краязнаўства і абмену вопытам паміж спецыялістамі розных рэгіёнаў, што дапамагае ствараць больш якасныя і даступныя інфармацыйныя рэсурсы, якія могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйных і даследчых мэтах.


































