
«Афганская война ў лёсах воінаў-інтэрнацыяналістаў Віцебшчыны»
- Details
- Створана 22.01.2024 14:09
15 лютага 1989 года завяршыўся вывад савецкіх войск з Рэспублікі Афганістан. Вайна ў Афганістане працягвалася больш за дзевяць гадоў і ўнесла жыцці пятнаццаці тысяч савецкіх салдат, сярод якіх сто трынаццаць ураджэнцаў Віцебскай вобласці. У гэтым годзе мы адзначаем 35-годдзе вываду савецкіх войск з Рэспублікі Афганістан.
Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай знамянальнай даце, будуць праходзіць на працягу года ва ўсіх кутках нашай краіны.
19 студзеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адкрылася выстава «3340 дзён і начэй афганскай вайны. 1979–1989 гг.», прадастаўленая Віцебскім гарадскім музеем воінаў-інтэрнацыяналістаў, і адбыўся тэматычны вечар «Афганская вайна ў лёсах воінаў-інтэрнацыяналістаў Віцебшчыны». Дырэктар Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Яўген Пашкевіч прадставіў выставу і расказаў пра шматгадовае супрацоўніцтва музея, абласной бібліятэкі і абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, вынікам якога з'яўляюцца разнастайныя праекты, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам.
Пра перадгісторыю канфлікту ў Рэспубліцы Афганістан, прыняцце рашэння на ўвод савецкіх войск, незваротныя страты расказаў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч. Гісторык, ветэран афганскай вайны Вячаслаў Белавус узгадаў некаторыя з баявых эпізодаў і перыяд вываду войск з Афганістана, а таксама прадэманстраваў фотаздымкі, зробленыя ім у Афганістане.
У Віцебску дыслацыраваўся 339 полк ваенна-транспартнай авіяцыі, які на працягу ўсёй афганскай вайны падтрымліваў і забяспечваў войскі харчаваннем, боепрыпасамі, усім неабходным для жыццядзейнасці савецкіх салдат. Маёр у адстаўцы, які здзейсніў больш за 150 баявых вылетаў, штурман атрада Уладзімір Пенкін расказаў пра палёты ў Кабул пры вывадзе войск і пасля яго. Агнявую падтрымку ваюючым падраздзяленням аказвалі верталётныя часткі, якія выкідвалі дэсант, увазілі з полю бою параненых і забітых. Гісторыю са сваёй баявой біяграфіі ўзгадаў капітан у адстаўцы, камандзір верталёта Аляксандр Нікіцін.
Выступленне ўдавы ветэрана афганскай вайны, члена Рэспубліканскай арганізацыі сем'яў загінуўшых у Афганістане «Памяць і долг» Валянціны Кузьміной і радкі яе верша кранулі ўсіх прысутных. Вядучая мерапрыемства, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова расказала пра новыя папаўненні электроннага рэсурсу «Афганистан. Без права на забвение», прысвечанага падзеям і ўдзельнікам афганскай вайны. Старшыня каардынацыйнага Савета арганізацыйных структур грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый г. Віцебска Ларыса Аленская выказала ўдзячнасць воінам-інтэрнацыяналістам за іх мужнасць, стойкасць, любоў да Радзімы.
На вечары прагучалі песні ў выкананні Вячаслава Белавуса і пераможцаў другога гарадскога конкурсу патрыятычнай песні, арганізаванага Саюзам дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый і абласной арганізацыяй ветэранаў вайны ў Афганістане, Маргарыты Дзербянёвай і Святаслава Кузьміча.


































