
Прэзентацыя зборніка «Зямлі нязгаснае святло»
- Details
- Створана 12.02.2024 09:03
У Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў у свет зборнік «Зямлі нязгаснае святло», у які ўвайшлі вершы паэтаў – ураджэнцаў Віцебшчыны Янкі Сіпакова, Алега Салтука, Анатоля Канапелькі.
У кнізе сабраны выдатныя прыклады іх самаадданай творчай працы: вершы пра непарыўную сувязь з малой радзімай і з мінулым, прысвячэнні роднаму слову, а таксама шчырая любоўная і філасофская лірыка.
8 лютага ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя выдання. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч адзначыў, што на працягу апошніх гадоў у выдавецтве выйшлі калектыўныя зборнікі паэтаў Берасцейшчыны, Гродзеншчыны, Гомельшчыны і «віцебскі» зборнік займае годнае месца ў гэтым шэрагу і прадстаўляе творы сапраўдных майстроў слова. Укладальнік кнігі, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп расказаў пра асаблівасці зборніка «Зямлі нязгаснае святло» і прачытаў вершы кожнага з аўтараў.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка адзначыла вялікі ўклад Янкі Сіпакова ў беларускую літаратуру. Вершы Алега Салтука і Анатоля Канапелькі чытала вядучая мерапрыемства, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова. Пра паэзію Янкі Сіпакова і Алега Салтука, вялікую асветніцкую дзейнасць Анатоля Канапелькі сказала літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, паэт Вольга Русілка. Успамінамі пра Анатоля Канапельку падзяліліся яго калега Ірына Саматой і краязнаўца Людміла Нікіціна. А настаўнік беларускай мовы і літаратуры Наталля Вінаградава прачытала верш-прысвячэнне свайму любімаму выкладчыку.
Зборнік вершаў паэтаў Віцебшчыны «Зямлі нязгаснае святло» ў хуткім часе з'явіцца ў фондзе бібліятэкі.


































