
XXII Срэценскія абласныя адукацыйныя чытанні ў бібліятэцы
- Details
- Створана 21.02.2024 15:30
Пасяджэнне секцыі «Бібліятэка – цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання» ў рамках ХХII абласных адукацыйных Срэценскіх чытанняў «Асновы праваслаўнай культуры. Досвед узаемадзеяння ўстаноў адукацыі і Царквы» прайшло 20 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна.
У яе рабоце прынялі ўдзел бібліятэкары ўстаноў сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі горада Віцебска і вобласці, спецыялісты і кіраўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі, Чашніцкай і Віцебскай раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм. Платформа Zoom дазволіла ўдзельнічаць у рабоце секцыі яшчэ 12 прадстаўнікам публічных і школьных бібліятэк рэгіёна.
Перад удзельнікамі секцыйнага пасяджэння з прывітальным словам выступілі дырэктар бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян і протаіерэй Ігар Машкей.
У ходзе работы секцыі былі прадстаўленыя даклады актуальнай тэматыкі, якія маюць практычнае значэнне. Удзельнікі пазнаёміліся з асветніцка-адукацыйнымі праектамі па праваслаўным краязнаўстве «Праваслаўная спадчына Прыдзвінскага краю: Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр», «Праваслаўная спадчына ў духоўна-маральным выхаванні моладзі», даведаліся пра вопыт работы бібліятэк Віцебска, Новалукомля, Полацка, Оршы, Талачына па рэалізацыі праектаў, накіраваных на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў і папулярызацыі маральных установак і грамадска-значных традыцый у школьнікаў і навучэнцаў.
Прадстаўнікі абласной бібліятэкі расказалі пра рэалізацыю ідэі стварэння батлеечнага тэатра і прадэманстравалі спектакль «Выбар Прадславы», прысвечаны юным гадам прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Мадэравалі работу секцыі протаіерэй Ігар Машкей, кіраўнік камісіі па праваслаўных бібліятэках і кафедрах праваслаўнай літаратуры Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, Вольга Камендантава, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Віцебскай абласной бібліятэкі, і Алена Бабіч, метадыст аддзела інфармацыйна-аналітычнай работы Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.


































