
Літаратурна-музычная вечарына да Міжнароднага дня роднай мовы і агульная дыктоўка
- Details
- Створана 23.02.2024 10:41
21 лютага ў бібліятэцы адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына да Міжнароднага дня роднай мовы.
Вядучая вечарыны – загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра гісторыю гэтага свята, а таксама прачытала вершы Анатоля Канапелькі, прысвечаныя роднаму слову і Беларусі.
У вечарыне прынялі ўдзел фальклорны калектыў «Вясёлка» разам з мастацкім кіраўніком, дацэнтам кафедры музыкі, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Юліянай Сусед-Вілічынскай і фальклорны інструментальны ансамбль «Жалейка» (кіраўнік Вераніка Клімава) педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Удзельнікі вечарыны змаглі самі пайграць на некаторых народных музычных інструментах і далучыцца да выступлення калектываў. Студэнты спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» Ганна Браўфер, Ганна Сураўцава і Хунджові Пірас прачыталі вершы Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.
Для напісання агульнай дыктоўкі быў абраны ўрывак з аповесці Васіля Быкава «Жураўліны крык». Кожны мог праверыць свае веды беларускай мовы, а таксама ўзгадаць твор народнага пісьменніка Беларусі, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе.


































