
Абласная акцыя «Віцебскі слоўнік»
- Details
- Створана 26.02.2024 09:14
Падышла да завяршэння акцыя Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, якая праводзілася сумесна з бібліятэкамі рэгіёна да Міжнароднага дня роднай мовы.
Яна праходзіла на працягу тыдня з 19 па 25 лютага на спецыяльна створанай старонцы ў Instagram @vitsebski_slounik.
Па ўмовах акцыі ад кожнай раённай бібліятэкі было даслана адно або некалькі слоў, тэматычна праілюстраваных і аформленых у выглядзе малюнка. Выбраныя словы, акрамя таго, што адлюстроўваюць багацце і напеўнасць беларускай мовы, маюць асацыятыўную сувязь з канкрэтнай мясцовасцю, з'яўляюцца словамі-брэндамі, што яе характарызуюць.
У апісанні да ілюстрацый даецца тлумачэнне слоў, а цытаты з твораў беларускай літаратуры, прыказкі, легенды і паданні, што іх утрымліваюць, падкрэсліваюць прыгажосць нашай мовы.
Падчас акцыі праілюстраваныя словы размяшчаліся і на старонках бібліятэк вобласці ў сетцы Instagram з хэштэгам #віцебскіслоўнік, такіх упамінанняў у выніку налічылася каля сотні.
Можна смела казаць, што акцыя атрымалася ўдалай! Некаторыя раёны і гарады прадстаўлены адным ёмкім словам: Сенненскі – «сена», Расонскі – «сядзіба». Іншым, як, напрыклад, Аршанскаму, не хапіла і пяці, каб раскрыць непаўторнасць свайго краю: «чыгунка», «лецішча», «цягнік», «капа», «блакітны лён», «буквар»... Аб'ядноўвае ўсіх любоў да роднай мовы і да сваёй мясцовасці, што адчуваецца ў кожным слове, кожным малюнку. І вынік акцыі – гэта сапраўдны «Віцебскі слоўнік», які будзе жыць на прасторах інтэрнэту, і, магчыма, папаўняцца і далей, раскрываючы цікавосткі Віцебскай вобласці праз беларускую мову.
Яшчэ раз віншуем з Міжнародным днём роднай мовы і запрашаем наведаць @vitsebski_slounik!


































