
«Нязгасальная сіла малітоўнага слова. Малітва ў паэзіі»
- Details
- Створана 18.03.2024 12:03
Дзень праваслаўнай кнігі адзначылі ў Віцебскай абласной бібліятэцы 14 сакавіка.
Дата свята выбрана невыпадкова: менавіта ў гэты дзень у 1564 годзе ў Маскве выйшла ў свет першая датаваная руская кніга «Апостал», надрукаваная Іванам Фёдаравым. Дзень праваслаўнай кнігі – падзея, якая падкрэслівае неацэнны ўклад праваслаўнай літаратуры ў фармаванне духоўных і маральных каштоўнасцяў грамадства.
За апошнія гады гэтае свята ўжо набыло свае традыцыі. Ёсць яны і ў нашай бібліятэкі. Супрацоўнікі агульнай чытальнай залы ў рамках мэтавай комплекснай праграмы «Жывое слова мудрасці духоўнай» падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю «Нязгасальная сіла малітоўнага слова. Малітва ў паэзіі».
Сваімі разважаннямі аб духоўна-маральных арыенцірах, якія садзейнічаюць павышэнню цікавасці да чытання праваслаўнай літаратуры, падзяліўся протаіерэй храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы Ігар Машкей.
Вядучыя Таццяна Патоцкая і Наталля Абрамовіч расказалі прысутным пра сілу слова праваслаўнай малітвы і яе адлюстраванне ў паэтычным слове рускіх паэтаў. Амаль у кожнага паэта ёсць вершы-малітвы, якія можна назваць жамчужынамі духоўнай паэзіі, таму што менавіта яны валодаюць жыватворнай сілай вылечваць чалавечыя душы. На мерапрыемстве прагучалі вершы А. Пушкіна, М. Лермантава, Д. Меражкоўскага, С. Ясеніна і інш.
У творчасці рэгента Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Віцебска Алены Фядзяевай ключавое месца займае праваслаўная тэма. Душэўныя вершы ў выкананні аўтара дазволілі слухачам адчуць сувязь з вялікімі паэтамі.
Упрыгожаннем вечарыны сталі музычныя нумары ў выкананні Ганны Шаўцовай і выкладчыкаў Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча.
Кніжная выстаўка «Святло праваслаўнай кнігі» пазнаёміла прысутных з разнастайнай праваслаўнай літаратурай з фонду бібліятэкі.
Літаратурна-музычная кампазіцыя, дзе ўсё адпавядала канчатковай мэце – раскрыць прыгажосць Божага свету праз сугучча слоў і музыкі – стала адным з яскравых мерапрыемстваў да Дня праваслаўнай кнігі.


































