
Прэзентацыя «Пад пакровам Святой Елісаветы»
- Details
- Створана 29.03.2024 13:51
Прэзентацыя кніг выдавецтва Свята-Елісавецінскага манастыра, аднаго з вядучых царкоўных выдавецтваў Беларусі, адбылася ў бібліятэцы 27 сакавіка ў рамках мэтавай комплекснай праграмы «Жывое слова мудрасці духоўнай».
Сустрэча пачалася з агульнай малітвы на пачатак усякай добрай справы, здзейсненай клірыкам храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы г. Віцебска протаіерэем Ігарам Машкеем.
У анлайн-фармаце Алена Шчалканава з Екацярынбурга падзялілася гісторыяй стварэння і дзейнасці гістарычнага гуртка «Сябры княгіні Лізаветы».
Прадстаўнік выдавецтва Свята-Елісавецінскага манастыра Ігар Палевікоў расказаў удзельнікам мерапрыемства аб кнігах, якія адкрываюць перад чытачом таямнічы і непаўторны свет Праваслаўнай веры. Сярод іх шмат навінак, прызначаных для дзяцей і падлеткаў. У гэтых выданнях ёсць усё, што так любяць юныя чытачы: цікавыя гісторыі, лабірынты, маляванне па кропках, пошук адрозненняў, размалёўкі, налепкі... Выпускае выдавецтва і настольныя гульні, пазлы, якія дапамагаюць дзецям засвоіць азы праваслаўя. Кнігі выдавецтва неаднаразова станавіліся пераможцамі прэстыжных нацыянальных і міжнародных конкурсаў.
Напрыканцы мерапрыемства паэтэса і літаратар Алена Уласава прачытала свае вершы.
Вядучая імпрэзы праваслаўны псіхолаг Вераніка Пруднікава ад імя арганізатараў выказала надзею, што такія прэзентацыі стануць добрай традыцыяй і кожны год будуць выдавацца новыя кнігі, якія дапамогуць чытачам глыбей спазнаць духоўную мудрасць.


































