
Юбілейны творчы вечар Таццяны Катовіч і прэзентацыя манаграфіі «Победа над Солнцем»
- Details
- Створана 01.04.2024 12:05
Юбілейны творчы вечар прафесара, доктара мастацтвазнаўства Таццяны Катовіч адбыўся 28 сакавіка ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы».
Таццяна Катовіч – член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2019», аўтар каля 40 манаграфій і больш за 500 навуковых і творчых публікацый. Невыпадкова на творчым вечары цэнтральнае месца заняла Кніга. Таццяна Віктараўна расказала пра Давіда Сімановіча, Сямёна Казіміроўскага, якія пакінулі значны след у яе лёсе. Нагадала пра свае самыя першыя выданні і кніжныя серыі «Сакрум», «Петли времени», «Витебские конспекты», што выйшлі ў свет у апошнія гады.
Манаграфія «Победа над солнцем» прысвечана гісторыі стварэння аднайменнай футурыстычнай оперы. Таццяна Катовіч расказала ўдзельнікам сустрэчы пра атмасферу, што панавала ў пачатку дваццатага стагоддзя ў грамадстве, у мастацтве і літаратуры, пра Аляксея Кручоных, Веліміра Хлебнікава, Міхаіла Мацюшына, Казіміра Малевіча. Закранула яна і тэму ўплыву рускага кубафутурызму на еўрапейскі жывапіс. Гэты аповед быў, як і ўсе лекцыі Таццяны Катовіч, змястоўным і цікавым. І вельмі сімвалічна завяршыў яго відэаролік з блізкай усім віцяблянам песняй Марка Фрадкіна і Яўгена Далматоўскага «Сталіца абласная».
У шматлікіх віншаваннях з юбілейнай датай, адрасаваных Таццяне Віктараўне, прагучалі шчырыя словы падзякі за яе ўклад у развіццё мастацтвазнаўчай навукі і захаванне культурнай спадчыны, а таксама за магчымасць дакрануцца да свету мастацтва праз яе творчасць.


































