
Ствараем бяспечнае і камфортнае асяроддзе для чытачоў і бібліятэкараў
- Details
- Створана 04.04.2024 08:50
У Віцебскай абласной бібліятэцы санітарны дзень прадугледжаны для забеспячэння чысціні і парадку ў бібліятэчных памяшканнях, падтрымання гігіенічных стандартаў і праверкі абсталявання, а таксама стварэння камфортнага і бяспечнага асяроддзя для наведвальнікаў і персаналу.
Для павышэння ўзроўню інфармацыйнай пісьменнасці, якасці працы і ўзроўню жыццядзейнасці 3 красавіка для супрацоўнікаў былі арганізаваныя сустрэчы са спецыялістамі ў сферы бяспекі, страхавання і здароўя.
Пра правілы бяспекі і паводзіны ў экстрэмальных сітуацыях расказалі прадстаўнікі Чыгуначнага (г. Віцебска) аддзела Дэпартамента аховы. Намеснік начальніка аддзялення міліцэйскай, ваенізаванай і вартаўнічай аховы Аляксей Ясінскі звярнуў увагу на вышэйшы прыярытэт бяспекі наведвальнікаў і супрацоўнікаў бібліятэкі, асноўныя дзеянні і дакладнае прытрымліванне правілаў паводзін пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Намеснік начальніка аддзялення сродкаў і сістэм аховы Павел Жукаў расказаў пра важнасць забеспячэння маёмаснай бяспекі чытачоў і бібліятэкараў, а таксама падрабязна спыніўся на пытаннях абсталявання сродкамі сігналізацыі не толькі самой бібліятэкі, але і прыватнага жылля.
Прадстаўнік дзяржаўнага прадпрыемства «Стравіта» Любоў Цалко распавяла пра магчымасці і перавагі добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі. Гэтая праграма фарміравання будучай пенсіі за кошт уласных добраахвотных узносаў і суфінансавання дзяржавай (пры ўдзеле работадаўцы) дзейнічае ў Беларусі паводле Указа №367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі» ад 27 верасня 2021 года.
Урач акушэр-гінеколаг Эла Баянкова філіяла № 1 жаночай кансультацыі № 1 УЗ «Віцебскі абласны клінічны радзільны дом» патлумачыла важнасць прафілактыкі і ранняй дыягностыкі клінічна бессімптомных ці маючых мінімальныя клінічныя праявы захворванняў. Яна паведаміла пра даступнасць дыягнастычных працэдур, ультрагукавых даследаванняў і кансультацый спецыялістаў ва ўстановах горада.


































