
Літаратурна-музычная вечарына «Светлае свята Вялікдзень»
- Details
- Створана 09.04.2024 16:04
4 красавіка ў бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына «Светлае свята Вялікдзень», прысвечаная святу Вялікадня і 25-годдзю з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
У вечарыне прынялі ўдзел старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, вікарый касцёла Езуса Міласэрнага ксёндз Генадзь Рэйшаль, вернікі розных хрысціянскіх канфесій.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч павіншаваў усіх са святам Вялікадня, а таксама расказаў пра Віцебскую дыяцэзію. Вядучая вечарыны, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова звярнула ўвагу прысутных на кніжную выставу, падрыхтаваную супрацоўнікамі аддзела, на якой былі прадстаўлены кнігі пра Каталіцкую Царкву на Беларусі, Віцебскую дыяцэзію, творы пра Вялікдзень, а таксама кнігі пра народныя традыцыі святкавання Вялікадня. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч перадаў у дар бібліятэцы кнігу Раісы Зянюк пра ўраджэнца Віцебшчыны «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны».
Парафіяне парафіі кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага падрыхтавалі нізку вершаў духоўнай тэматыкі. Вершаваныя радкі вельмі душэўна і па-майстэрску прачыталі Святлана Бароўская і Вольга Аўчыннікава. Сапраўдны святочны настрой на працягу ўсёй вечарыны стварала выступленне хору парафіі Езуса Міласэрнага пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы Мровец. А песня пад акампанемент гітары стала падарункам да свята ад Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.


































