
Прэзентацыя фільма «Давід Сімановіч. Дарога да Шагала»
- Details
- Створана 08.05.2024 14:10
9 мая спаўняецца 10 гадоў з дня смерці паэта, перакладчыка, грамадскага дзеяча Давіда Сімановіча. Давід з гонарам казаў пра сябе: «Я – з Віцебска!» і яго імя назаўжды ўплецена ў гісторыю горада.
Людзі, якія добра ведалі Давіда Рыгоравіча, адзначаюць яго нябачную прысутнасць у любімым горадзе. Лёгкі ўзмах рукі і знакамітае «Прывітанне! Прывітанне!». Да гэтага часу здаецца, што вось-вось мільгане ля Ратушы знаёмы сілуэт Давіда, які бег па бясконцых справах.
На працягу ўсіх дзесяці гадоў пасля смерці Давіда Сімановіча ў Віцебску працягваюць рэалізоўвацца разнастайныя праекты, звязаныя з яго імем. Адзін з такіх праектаў – дакументальны фільм «Давід Сімановіч. Дарога да Шагала», створаны Тэлерадыёкампаніяй «Віцебск» па замове ТАА «Рубікон». Яго прэм'ера адбылася 7 мая ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Сцэнарый напісала гісторык, краязнаўца Людміла Хмяльніцкая, здымачную групу ўзначаліла рэжысёр Святлана Пагарэльская.
Аўтарамі фільма быў абраны адзін эпізод з жыцця Давіда Сімановіча – час, які ён прысвяціў вяртанню ў Віцебск імя Марка Шагала. «Мы разам працавалі, разам арганізоўвалі шмат цікавых справаў. Хацелася паказаць эпоху, праўду, падзеі, якім мы былі сведкамі», – сказала Людміла Хмяльніцкая. Пры падрыхтоўцы фільма быў узняты вялікі пласт відэаматэрыялу, які захаваўся на Віцебскай студыі тэлебачання. Дапамогу ў падборы інфармацыі аказаў таксама Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, у якім створаны фонд Давіда Сімановіча.
Удзельнікі прэзентацыі з хваляваннем, а нехта і са слязамі на вачах, узіраліся ў кадры кінахронікі. Знаёмыя і ўжо даўно змяніўшыя выгляд куткі старажытнага Віцебска. У доме Шагала яшчэ няма музея, а віцябляне зусім не ведаюць свайго знакамітага земляка... Спрэчкі пра тое, ці быць музею Шагала ў Віцебску. Цяпер гэта здаецца неверагодным. І нарэшце – першая выстава карцін мастака ў родным горадзе! Стварэнне Музея Марка Шагала, Шагалаўскія чытанні...
Як адзначыла Святлана Пагарэльская: «Давід Сімановіч зрабіў гісторыю горада. Мала каму гэта ўдаецца, але ён здзейсніў мару генія – Марка Шагала. Ён вярнуў Шагала на радзіму, у Віцебск».


































