
Конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі і прозы
- Details
- Створана 17.05.2024 13:07
У рамках XXII Велікоднага Фестывалю ў горадзе Віцебску 16 мая ў абласной бібліятэцы прайшоў конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі і прозы.
Сёлета ён прысвечаны 900-годдзю заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Полацку, 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святым новапакутнікам, спавядальнікам і ўсім пацярпелым за веру Хрыстову ў час ганенняў.
Урачыстую цырымонію адкрыла дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян. З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка і кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі. Клірык храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Ігар Машкей адзначыў важнасць гэтага мерапрыемства, якое садзейнічае далучэнню маладога пакалення да духоўнай культуры, хрысціянскай асветы, беражлівага стаўлення да сваіх вытокаў.
У конкурсе прынялі ўдзел 46 чалавек. Па выніках праслухоўвання журы вызначыла пераможцаў І, ІІ і ІІІ ступені ў намінацыях «Чытальнік духоўнай паэзіі і прозы» і «Паэт» у кожнай з узроставых груп. Усе канкурсанты адзначаны граматамі за актыўны ўдзел у конкурсе.
У якасці журы выступілі прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, Беларускага тэатра «Лялька», Віцебскай епархіі, Віцебскай абласной бібліятэкі і іншых устаноў культуры і адукацыі.
Спіс найлепшых чытальнікаў XXII Велікоднага Фестывалю будзе размешчаны на афіцыйным сайце Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Віншуем пераможцаў, дзякуем усім канкурсантам і членам журы!


































