
Месца, дзе ажываюць лялькі
- Details
- Створана 28.06.2024 09:22
Знаходзячыся ў пастаянным творчым пошуку, калектыў Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна стварае інавацыйныя для ўстановы праекты, мэтай якіх з'яўляецца далучэнне чытачоў да чытання праз духоўна-маральныя і мастацка-эстэтычныя каштоўнасці.
Ідэя стварэння ўласнага батлеечнага тэатра ў бібліятэцы ўзнікла пасля правядзення ў 2019 годзе абласнога фестывалю бібліятэчных тэатраў кнігі і лялечных тэатраў «Чароўная рампа». Цікавасць гледачоў і творчы ўзровень калег з рэгіёну натхнілі супрацоўнікаў агульнай чытальнай залы. Для рэалізацыі ідэі спатрэбіўся час і падтрымка не толькі ў асобе дырэктара Таццяны Адамян, але і сяброўскі ўдзел устаноў адукацыі і культуры горада. Намаганнямі саміх бібліятэкараў быў распрацаваны эскіз батлеечнай канструкцыі і яе афармлення. Да стварэння лялек прыклалі веды і талент студэнты і выкладчыкі факультэта вытворчых тэхналогій Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Для кожнага спектакля бібліятэкары самастойна рыхтуюць дэкарацыі, ствараюць сцэнарый, рэквізіт, касцюмы герояў. Акцёрская трупа складаецца з супрацоўнікаў бібліятэкі.
Прэм'ерны паказ велікоднага спектакля «Христос Воскресе!» адбыўся ў маі 2023 года. Пасля яго гледачы бачылі калядную казку «История одного чуда», спектакль «Выбор Предславы» пра беларускую святую Еўфрасінню Полацкую.
А да 1050-годдзя Віцебска падрыхтаваная новая пастаноўка батлеечнага тэатра – спектакль «Ольга святая». Сюжэт расказвае пра лёс княгіні Вольгі – першай кіраўніцы Русі, якая прыняла хрысціянства. Гэта гісторыя пра жанчыну, у суцэльнай асобе якой злучыліся выдатны розум і цвёрдая воля, сапраўдная сіла духу і веліч душы, мудрасць і сапраўдная набожнасць.
На фоне маляўнічых дэкарацый ажываюць вядомыя героі. Дзіўнае падарожжа да вытокаў Віцебска праз стагоддзі цікавіць і для дарослых, і для дзецей! Запрашаем усіх на нашыя спектаклі!


































