
Прэзентацыя новай кнігі краязнаўцы Аркадзя Падліпскага «Витебские пенаты Ильи Репина»
- Details
- Створана 23.08.2024 07:56
21 жніўня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі краязнаўцы Аркадзя Падліпскага «Витебские пенаты Ильи Репина».
Сімвалічна, што выданне, прысвечанае менавіта Рэпіну і яго віцебскаму перыяду, з'яўляецца восемдзесят пятай кнігай аўтара. Аркадзь Падліпскі даследуе гэту тэму з 1968 года, яго кнігі «Здравнево: здесь жил Репин» (1990) і «Здраўнёва: тут жыў Рэпін» (1995) адкрылі для многіх віцяблян невядомыя ім раней старонкі жыцця знакамітага мастака.
Новае даследаванне Аркадзя Падліпскага ўсебакова і падрабязна асвятляе не толькі здраўнёўскі перыяд жыцця і творчасці Ільі Рэпіна. Тут і гісторыя маёнтка «Здраўнёва», а таксама асабістыя гісторыі Вацлава Федаровіча, Аляксея Сапунова, Уладзіміра Стукаліча, Сігізмунда Юркоўскага, вучняў Рэпіна, мастакоў Марыяны Вяроўкінай і Аляксея Яўленскага... У час прэзентацыі Аркадзь Міхайлавіч звярнуў увагу прысутных і на трагічныя старонкі кнігі, звязаныя з лёсам сям'і мастака, расказаў пра доўгі шлях да аднаўлення сядзібы і стварэння музея ў Здраўнёве.
У прэзентацыі кнігі прынялі ўдзел праўнучка героя карціны Ільі Рэпіна «Беларус» Сідара Шаўрова Марына Буза, родныя аднаго з герояў кнігі, выпускніка Здраўнёўскай школы, лаўрэата Сталінскай прэміі Рыгора Каруннага.


































