
Інтэрактыўны квэст «Горад Дабра»
- Details
- Створана 12.09.2024 12:29
11 верасня, у рамках бібліятэчнага праекта «Разам», з мэтай пашырэння інфармацыйнай дасведчанасці аб жыцці невідушчых і людзей са слабым зрокам і павышэння талерантнасці грамадства ў адносінах да іх, у Віцебскай абласной бібліятэцы адбыўся інтэрактыўны квэст «Горад Дабра».
Гасцямі мерапрыемства сталі навучэнцы 7 «А» класа сярэдняй школы № 21 г. Віцебска імя Героя Савецкага Саюза В. А. Дзямідава.
Навучэнцы даведаліся аб напрамках работы бібліятэкі, вывучылі розныя віды выданняў і тыфлатэхнічнае абсталяванне для невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў, пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення белай тросці, даведаліся аб жыццёвым шляху паспяховых сляпых людзей, якія, нягледзячы цяжкасці, змаглі знайсці сваё прызванне і рэалізавацца.
Намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» Наталля Аўгусціновіч распавяла навучэнцам пра асаблівасці жыцця невідушчых людзей, пра этыку зносін з імі, патлумачыла для чаго невідушчым патрэбна белая тросць і ў якіх выпадках неабходна суправаджэнне. Член Віцебскай арганізацыі Дзмітрый Халадовіч, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ГУСА «Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» прадэманстраваў работу навігацыйнай сістэмы і сучасныя гаджэты, якія паляпшаюць якасць жыцця людзей з інваліднасцю па зроку.
Удзельнікам квэста прапанавалі завязаць вочы і пагрузіцца ў цемру, каб зазірнуць у свет невідушчых і людзей са слабым зрокам, арыентуючыся толькі на гукі, галасы і ўласныя адчуванні, пабываць у цалкам розных прасторах, асвоіць пісьмо і чытанне шрыфтам Брайля, спрабавалі сабраць кубік Рубіка, наліць вадкасць у шклянку, прысесці на крэсла.
Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікі тыфлаквэста дзяліліся эмоцыямі, распавядалі адзін аднаму, як звыклыя рэчы ўсляпую знаходзяць іншую рэальнасць.


































