
Адкрыццё выставы «Свет кніжнай закладкі»
- Details
- Створана 13.09.2024 14:47
Убачыць легендарныя «сцівенграфы» і першыя паштовыя закладкі, палюбавацца ўнікальнымі вырабамі ручной працы ХІХ стагоддзя змогуць наведвальнікі выставачнай залы «Ex Libris».
11 верасня адбылося адкрыццё выставы з прыватнай калекцыі Алены Вітальеўны Булкінай «Свет кніжнай закладкі». Калекцыянер, ураджэнка Санкт-Пецярбурга, у 2014 годзе пераехала ў Браслаўскі раён, дзе стварыла ўнікальны музей закладак. У зборы Алены Вітальеўны прадстаўлены ўзоры самых розных перыядаў ад пачатку ХІХ стагоддзя да сучаснасці.
Адкрываючы выставу, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Мікалаеўна Адамян адзначыла, што на першы асенні месяц прыпадае адразу некалькі дат, звязаных з кнігай: гэта Дзень ведаў, Дзень беларускай пісьменнасці і, вядома ж, Дзень бібліятэк, да якога і прымеркавана мерапрыемства. У ролі незалежнага эксперта выступіла мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча Алена Валер'еўна Рак. Алена Валер'еўна падкрэсліла вечнае значэнне закладкі як напрацягу мінулых стагоддзяў, так і ў цяперашні час, а таксама перадала ў дар калекцыянеру адзін з асабістых рэдкіх экзэмпляраў.
Затым слова ўзяла вядучы бібліёграф сектара рэдкай кнігі Вольга Фёдараўна Лебедзева, якая правяла для гасцей захапляючую экскурсію па выставе. Экспазіцыйная прастора ўмясціла звыш за 900 кніжных закладак з розных краін свету, якія выкананы ў самых разнастайных тэхніках.
Выстава «Свет кніжнай закладкі» працягнецца да 31 кастрычніка.


































