
Бібліяграфічны спіс “Welcome да нас! : белорусский туризм”
- Details
- Створана 05.06.2012 15:02
У кожнага рэгіёна ёсць свае асаблівасці: адзін можа пахваліцца старажытнай гісторыяй, другі – наяўнасцю ўнікальных архітэктурных помнікаў, трэці – самабытнай культурай... Беларусь жа, краіна з багатай на падзеі гісторыяй і шматвекавымі традыцыямі, ганарыцца спрадвечнай прыгажосцю сваёй прыроды. На яе карце дамінуюць два колеры – зялёны і блакітны. Тут няма высокіх гор і неабсяжных мораў, але шмат маляўнічых ландшафтаў, густых лясоў, пакручастых рэк і таямнічых азёр, унікальных балотных масіваў. Гэты край славіцца разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету. Спевы птушак, ціхі пляск вады і шапаценне лісця ствараюць ідэальныя ўмовы для адпачынку ў гармоніі з прыродай...
Турызм у Беларусі з'яўляецца састаўной часткай сацыяльна-культурнага жыцця краіны. Рэспубліка Беларусь як еўрапейская краіна з'яўляецца актыўнай удзельніцай турысцкіх працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. Нягледзячы на тое, што толькі ў 90-я гады XX стагоддзя рэспубліка атрымала статус самастойнага удзельніка сусветнага турыстычнага рынку, дзяржава у поўнай ступені ўсведамляе важнасць і стымулюе прасоўванне турысцкага комплексу краіны.
Увазе наведвальнікаў сайта і карыстальнікаў бібліятэкі інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел прадстаўляе анатаваны бібліяграфічны спіс "Welcome да нас! : белорусский туризм", які ўключае бібліяграфічныя запісы на кнігі, аўтарэфераты і артыкулы з тэматычных зборнікаў і перыядычных выданняў, якія адлюстроўваюць шматаспектны характар турыстычнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Мэта дадзенага бібліяграфічнага спіса – азнаямленне шырокага кола чытачоў з літаратурай, якая ўтрымлівае інфармацыю пра прыродныя, геаграфічныя і эканамічныя магчымасці Беларусі ў вобласці арганізацыі і ажыццяўлення турыстычнай дзейнасці, а таксама пра спецыфічныя асаблівасці айчыннага турыстычнага прадукту.
Бібліяграфічны дапаможнік складаецца з дзевяці тэматычных раздзелаў: "Край адчыненых дзвярэй : турыстычны патэнцыял Беларусі", "Галоўнае для турыста – уражанні : асаблівасці нацыянальнага турызму", "Эканамічныя і прававыя асновы турыстычнай дзейнасці", "Урокі гасціннасці : агратурызм Беларусі", "Водныя маршруты Беларусі", "Прыцяжэнне Беларусі : культурна-пазнавальны турызм", "Прыязджайце за здароўем! : фізкультурна-аздараўленчы турызм", "Прыгажосць – побач! : экалагічны турызм" і "Залатое кола" Беларусі : экскурсійна-краязнаўчая работа".
Анатаваны бібліяграфічны спіс адрасаваны шырокаму колу чытачоў: падарожнікам, спартсменам, педагогам, экскурсаводам, турагентам і ўсім, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця.


































