
Узнагароджанне ўдзельнікаў выставы «Мы праз сэрца бачым свет»
- Details
- Створана 09.12.2024 14:15
Цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў выстаўкі творчых работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку «Мы праз сэрца бачым свет» адбылася 7 снежня ў абласной бібліятэцы.
У экспазіцыі былі прадстаўлены вытанчаныя абрусы, шалі, сурвэткі, карціны, вырабы, выкананыя ў тэхніцы сухога валяння з воўны, брошкі і ўпрыгажэнні з пацерак. Кожны экспанат напоўнены цяплом і любоўю аўтараў, а ўвага да дэталяў падкрэслівае іх майстэрства і стараннасць.
Уручаючы ганаровыя граматы ўдзельнікам выставы, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Наталля Аўгусціновіч адзначыла, што гэтая выстава, якая стала ўжо добрай традыцыяй, з'яўляецца не толькі пляцоўкай для дэманстрацыі таленту, але і адлюстраваннем сілы духу ўдзельнікаў, іх імкнення да самавыяўлення і творчасці.
Святочнае мерапрыемства працягнулася канцэртнай праграмай творчых калектываў і салістаў унітарнага прадпрыемства «Элект» і Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ». Эмацыйныя і натхнёныя вершы і песні стварылі ў зале асаблівую атмасферу.
Падтрымліваючы творчыя ініцыятывы людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, Віцебская абласная бібліятэка садзейнічае іх сацыяльнай інтэграцыі, развіццю ўменняў і навыкаў і павышэнню якасці жыцця.


































