
Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця
- Details
- Створана 10.12.2024 08:56
5–6 снежня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася навукова-практычная каферэнцыя «Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця», прысвечаная 100-годдзю Цэнтральнага бюро краязнаўства.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, аб'яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя работнікаў НАН Беларусі.
У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, супрацоўнікі музеяў, бібліятэк, архіваў, выкладчыкі, краязнаўцы з усіх куткоў краіны.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка.
У першы дзень работы канферэнцыі ў Прэзідыуме НАН Беларусі адбылося пленарнае пасяджэнне, у час якога Граматамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі былі ўзнагароджаны прадстаўнікі Віцебшчыны – настаўнік Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Півавар і галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Юрчак. На пленарным пасяджэнні прагучалі выступленні В. Л. Лакізы, А. У. Дзянісава, М. В. Півівара, А. В. Бараноўскага, І. Л. Капылова, Д. В. Юрчака.
Загадчык аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларыса Рагачова прыняла ўдзел у канферэнцыі з дакладам «Работа Віцебскай абласной бібліятэкі па стварэнні краязнаўчых рэсурсаў і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна».
У час канферэнцыі адбылася прэзентацыя выставы Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі, прымеркаваная да 100-годдзя Цэнтральнага бюро краязнаўства. Удзельнікі канферэнцыі наведалі археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі і навукова-музейную экспазіцыю старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


































