
Прафесійны абмен: візіт школьных бібліятэкараў
- Details
- Створана 13.12.2024 13:50
Слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі 12 снежня наведалі Віцебскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна.
Мэтай візіту стала азнаямленне з сучаснымі тэндэнцыямі ў бібліятэчнай справе, умацаванне супрацоўніцтва бібліятэчных спецыялістаў і абмен вопытам.
Удзельнікі курсаў убачылі, як бібліятэка адаптуецца да змен у інфармацыйным грамадстве і ўкараняе новыя тэхналогіі. Аглядная экскурсія па бібліятэцы пазнаёміла слухачоў з яе структурай і паслугамі.
Загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая прадставіла электронныя праекты бібліятэкі. На прыкладзе мультымедыйнага рэсурсу «Святыя заступнікі Віцебшчыны» яна прадэманстравала магчымасці інтэрактыўнай работы з тэкставымі і візуальнымі матэрыяламі, што дапамагае бібліятэкарам развіваць цікавасць вучняў да культурнай гісторыі рэгіёну.
Загадчык юнацкага аддзела Святлана Еленская падзялілася вопытам прыцягнення дзяцей да чытання, падкрэсліўшы важнасць крэатыўнага падыходу і абнаўлення ведаў пра дзіцячую літаратуру.
Гасцей парадаваў талісман бібліятэкі – кот Фаліянт, які стаў яркім элементам праграмы. Экскурсія завяршылася ў выставачнай зале «ExLibris», дзе ўдзельнікі ўбачылі калекцыю кніжных рарытэтаў з бібліятэкі краязнаўцы Аркадзя Падліпскага.
З'яўляючыся інфармацыйным і культурна-асветніцкім цэнтрам, абласная бібліятэка адыгрывае важную ролю ў культурным і адукацыйным жыцці рэгіёна. Візіт стаў магчымасцю не толькі атрымаць новыя веды, але і наладзіць кантакты з калегамі, што важна для прафесійнага росту.


































