
Юбілейная вечарына краязнаўцы Людмілы Нікіцінай «Нястомных пошукаў дарога»
- Details
- Створана 16.12.2024 13:35
Юбілейная вечарына «Нястомных пошукаў дарога» краязнаўцы Людмілы Нікіцінай адбылася 12 снежня ў абласной бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы».
Людміла Канстанцінаўна – стваральнік і кіраўнік народнага комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю», актывіст пошукавага руху, лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Яна – аўтар кніг пра Заронаўскі край і шматлікіх краязнаўчых даследаванняў.
Людміла Нікіціна расказала пра свае выданні, прысвечаныя Заронаўшчыне, яе людзям, і прадставіла новую незвычайную кнігу «Забаўлянкі для гулянкі: фальклор для душы». У зборнік уключаны сабраныя ёй за многія гады прыпеўкі, загадкі, тосты, віншаванні.
Да шчырых слоў віншаванняў і падзяк, якія гучалі з нагоды юбілею, мог далучыцца кожны з прысутных. Песні, прыпеўкі, жарты, смех, толькі пацвердзілі агульную думку: там, дзе Людміла Канстанцінаўна – заўсёды добра, утульна, радасна, цёпла на душы!


































