
Духоўны арыенцір для педагогаў: гутарка аб святых беларускай зямлі
- Details
- Створана 26.12.2024 08:54
Духоўная гутарка на тэму «Новомученики и исповедники земли белорусской» прайшла 18 снежня ў сярэдняй школе № 46 горада Віцебска.
Гэта мерапрыемства, арганізаванае ў сценах навучальнай установы, дало педагогам магчымасць паглыбіць свае веды аб веры на віцебскай зямлі і атрымаць каштоўныя метадычныя матэрыялы для работы з дзецьмі.
Ключавым момантам сустрэчы стала прэзентацыя мультымедыйнага праекта «Святые покровители Витебщины». Загадчыца агульнай чытальнай залы абласной бібліятэкі Таццяна Патоцкая не толькі прадставіла электронны рэсурс, але і правяла кароткі майстар-клас па яго выкарыстанні. Настаўнікі ўбачылі, як лёгка і зручна арыентавацца ў розных раздзелах, знаходзіць неабходную інфармацыю і карыстацца мультымедыйнымі матэрыяламі і інтэрактыўнымі элементамі. Таццяна Віктараўна падкрэсліла, што рэсурс распрацаваны для таго, каб зрабіць вывучэнне святых заступнікаў Віцебшчыны больш жывым і цікавым, і гэта асабліва важна пры рабоце з дзецьмі і падлеткамі.
Гэты праект з'яўляецца каштоўным інструментам, які педагогі могуць выкарыстоўваць у сваёй паўсядзённай практыцы для выхавання ў дзецях патрыятызму, павагі да гісторыі і традыцый, а таксама духоўнасці і маральнасці.
Праведзеная гутарка яшчэ раз пацвердзіла важнасць супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі ўстановамі і бібліятэкамі ў галіне духоўна-маральнай асветы. Бібліятэкі даюць доступ да ўнікальных электронных і друкаваных рэсурсаў, чым узбагачаюць навучальны працэс, а адукацыйныя ўстановы ствараюць умовы для ўкаранення гэтых рэсурсаў у навучальную і пазаўрочную дзейнасць.


































