
Шчаслівая «Сямёрка»
- Details
- Створана 13.01.2025 09:15
Вучні 7 «А» класа сярэдняй школы № 21 г. Віцебска імя У. А. Дзямідава сталі ўдзельнікамі незвычайнай інтэрактыўнай гульні «Сямёрка».
Гэтае мерапрыемства аб'яднала ў абласной бібліятэцы школьнікаў у пошуках адказаў на загадкі, звязаныя з лічбай сем. Кожны ўдзельнік атрымаў магчымасць праявіць сябе ў розных галінах ведаў, ад народнага эпасу да сусветнай культуры.
Дзеці пагрузіліся ў свет мудрасці нашых продкаў, успамінаючы прыказкі, прымаўкі і крылатыя выразы, дзе фігуравала лічба сем. Ажыўлена абмяркоўваючы варыянты, удзельнікі спрабавалі ўспомніць такія фразы, як «Сямёра аднаго не чакаюць» або «Сем бед – адзін адказ».
Тур «Займальная арыфметыка» стаў сапраўдным выпрабаваннем для юных матэматыкаў. Удзельнікі вырашалі прыклады, складзеныя выключна з лічбы сем, ужываючы розныя арыфметычныя знакі і дужкі. Заданні запатрабавалі ад рабят не толькі ведаў, але і ўмення думаць нестандартна.
У туры «Розныя рознасці» пытанні датычыліся самых розных абласцей: ад адзінкі вымярэння часу, роўнай сямі дням, да пажаданняў паспяховага плавання («сем футаў пад кілем»). Асабліва запомніўся момант, калі рабяты наперабой называлі колеры вясёлкі, імкнучыся нічога не пераблытаць.
Чацвёрты тур акунуў удзельнікаў у атмасферу сусветнай культуры. Каманды атрымалі выявы сямі цудаў свету. Рабяты выявілі веды з урокаў гісторыі і геаграфіі, беспамылкова пазнаўшы Александрыйскі маяк і вісячыя сады Семіраміды.
Тур «Краязнаўства» дазволіў удзельнікам паказаць сваю любоў да роднага горада. Яны без цяжкасцей назвалі па сем славутасцяў нашага горада, звязаных з імёнамі вядомых паэтаў і пісьменнікаў.
Задачы па геаметрыі, у якіх выкарыстоўвалася лічба сем, прымусілі задумацца нават самых дасведчаных гульцоў, але ў выніку лепшыя каманды справіліся з задачай. Рабяты шукалі плошчы квадратаў, вылічалі дыяметры акружнасцяў і вызначалі велічыні кутоў.
Заключны тур «Логіка» аказаўся самым нескладаным: размеркаваць сем алмазаў рознай вагі паміж чатырма шкатулкамі многія каманды змаглі датэрмінова.
Пасля заканчэння гульні пераможцам уручылі заслужаныя ўзнагароды.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці запрасіў школьнікаў на іншыя адукацыйна-інтэлектуальныя праекты ў абласную бібліятэку, каб далей развіваць аналітычныя здольнасці, логіку і крэатыўнасць.


































