
Выстава «Культавая класіка: «Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава»
- Details
- Створана 15.01.2025 11:17
230-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Грыбаедава (1795–1829) адзначаецца 15 студзеня 2025 года.
Бліскучы дыпламат і лінгвіст, гісторык і эканаміст, музыка і кампазітар, галоўнай справай свайго жыцця ён лічыў літаратуру.
З-пад пяра Грыбаедава выйшла некалькі таленавітых літаратурных твораў, але абсалютнай большасці чытачоў ён вядомы ў першую чаргу як аўтар камедыі «Гора ад розуму». Ужо 200 гадоў гэты літаратурны шэдэўр вывучаецца даследнікамі з розных краін свету, а цытаты з яго даўно сталі крылатымі выразамі.
У аддзеле рэдкай кнігі захоўваецца факсімільнае ўзнаўленне камедыі «Гора ад розуму» з унікальнымі ілюстрацыямі Дзмітрыя Кардоўскага, якое выйшла ў 1913 годзе. Чорна-белыя і каляровыя ілюстрацыі, выкананыя тушшу і акварэллю, дэталёва і дакладна перадаюць дваранскі побыт эпохі «фамусаўскай» Масквы: гасцёўня, абстаўленая мэбляй, сцены, упрыгожаныя карцінамі; кандэлябры і падсвечнікі, люстэркі і гадзіннікі ў інтэр'еры, чайны сервіз на століку і іншыя прадметы ўжытку. Пры гэтым Кардоўскі з асаблівай дбайнасцю прамалёўвае, у прыватнасці, узор тканіны на спінцы канапы, разьбяныя падлакотнікі крэсла і іншае. Таму яго ілюстрацыі могуць даць вычарпальны матэрыял для стварэння дэкарацый у тэатральных пастаноўках.
Малюнкі ў выданні вельмі дакладна па сюжэце змешчаны побач з тэкстам камедыі, дапаўняюць яго з дапамогай яркіх пераканаўчых графічных вобразаў, не парушаючы пры гэтым агульную гармонію разгорнутай кнігі. Вялікі цыкл кніжных ілюстрацый Д. М. Кардоўскага да камедыі А. С. Грыбаедава «Гора ад розуму» лічыцца адной з лепшых работ мастака.
Апроч тэксту і ілюстрацый, у выданні прадстаўленыя факсіміле цікавых артэфактаў: афішы першага прадстаўлення камедыі ў Санкт-Пецярбургу 26 студзеня 1831 г., музейны аўтограф А. С. Грыбаедава, а таксама Жандраўскі рукапіс «Гора ад розуму».
Факсімільнае ўзнаўленне кнігі (1985) у цвёрдай выдавецкай вокладцы і маляўнічым футляры выйшла тыражом усяго 2000 асобнікаў.
Запрашаем чытачоў патрымаць у руках і пагартаць унікальнае выданне!
Выстава адной кнігі «Культавая класіка: «Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава» працуе ў аддзеле рэдкай кнігі абласной бібліятэкі з 15 па 30 студзеня.


































