
Літаратурны вечар «Табе, мой краю родны!»
- Details
- Створана 21.01.2025 16:09
Літаратурны вечар «Табе, мой краю родны!» сабраў 20 студзеня ў абласной бібліятэцы членаў Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Гэта сустрэча стала важнай падзеяй у культурным жыцці рэгіёна, прыцягваючы ўвагу да літаратурнай спадчыны і сучасных дасягненняў беларускіх аўтараў.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Тамара Краснова-Гусачэнка адкрыла вечар расповедам аб літаратурных прэміях імя Петруся Броўкі і імя Уладзіміра Караткевіча, заснаваных у Віцебскай вобласці. Яна адзначыла значнасць гэтых узнагарод для падтрымкі і развіцця беларускай літаратуры, а таксама прадставіла лаўрэатаў і намінантаў, членаў Савета абласнога аддзялення, якія прыйшлі на сустрэчу з чытачамі.
На вечарыне выступілі вядомыя пісьменнікі і паэты: Васіль Калтуноў, Сяргей Красаў, Мікалай Намеснікаў, Лідзія Піскун, Валерый Строкін, Алена Фядзяева, Таццяна Харытонава. Асаблівае ўражанне пакінулі шчырыя радкі верша, прысвечанага малой радзіме, які прачытала госця вечара Зоя Сегянчук.
Гэты літаратурны вечар стаў не толькі пляцоўкай для абмену творчымі ідэямі, але і важным крокам да ўмацавання сувязей паміж пакаленнямі і захавання пераемнасці маральных каштоўнасцей.


































