
Прафсаюзны візіт у Віцебскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна
- Details
- Створана 24.01.2025 09:18
Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Міхаіл Партной і старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Алена Сабірава наведалі 23 студзеня Віцебскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна.
Гэты візіт быў прысвечаны абмеркаванню пытанняў, якія датычацца сацыяльнай абароны работнікаў, развіцця іх прафесійнага патэнцыялу і забеспячэння дастойных умоў працы.
Важным аспектам сустрэчы стала абмеркаванне развіцця сацыяльнага партнёрства і ролі калектыўнага дагавора ў забеспячэнні правоў працаўнікоў. Міхаіл Пятровіч падкрэсліў высокі ўзровень матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, якая дае магчымасць бібліятэкарам эфектыўна выконваць свае абавязкі. Бо ад якасці гэтай работы залежыць узровень культурнага жыцця грамадства, даступнасць ведаў і захаванне нацыянальнай спадчыны.
Адмысловая ўвага была нададзена тэме электаральнай кампаніі. Міхаіл Партной нагадаў прысутным пра важнасць удзелу ў выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падкрэсліўшы, што менавіта ад актыўнай грамадзянскай пазіцыі залежыць будучыня нашай дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць у тым, што выбары стануць залогам стабільнасці і далейшага развіцця Беларусі.
Фармат сустрэчы ў выглядзе адкрытага дыялогу дазволіў усім удзельнікам задаць пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы. Такі падыход садзейнічае ўмацаванню сувязей паміж кіраўніцтвам прафсаюза і работнікамі культуры, а таксама стварае атмасферу даверу і супрацоўніцтва.


































