
«Інтэлектуальны рынг»
- Details
- Створана 31.01.2025 10:27
У рамках бібліятэчнага праекта «Разам!» 30 студзеня ў абласной бібліятэцы адбылася інтэрактыўна-пазнавальная гульня «Інтэлектуальны рынг».
Перад пачаткам гульні да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства звярнуўся старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Канстанцін Ламчаноўскі. Ён адзначыў, што такія мерапрыемствы не толькі развіваюць далягляд і эрудыцыю, але і дапамагаюць людзям з інваліднасцю адчуць сябе гарманічнымі асобамі, выхоўваюць адказнасць і камандны дух.
У сумленнай і займальнай барацьбе сустрэліся пяць каманд, якія ў сямі раўндах правяралі свае веды, кемлівасць і логіку. Удзельнікі адказалі на больш за 30 пытанняў з розных абласцей, у тым ліку пра флору, фаўну, мастацтва, сусветны акіян і тэхнічны прагрэс. Інтэлектуальная бітва была напружанай, і ніводная каманда не збіралася саступаць.
Па выніках гульні Дыпломам I ступені была ўзнагароджана каманда «Рэвіт». Дыпломы II і III ступені атрымалі каманды «Шостае пачуццё» і «ОК». Усе астатнія ігракі таксама былі адзначаны дыпломамі за актыўны ўдзел.
Для ўдзельнікаў і гасцей з творчымі нумарамі выступілі: Алег Шыдлоўскі (г. Віцебск), Дзяніс Аблаўшка (г. Лепель), Марына Круг (г. Полацк), аршанскі дуэт чытальнікаў.
У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя кніг «Символы суверенной Беларуси» і «Выборы в Беларуси. Коротко о главном», выдадзеных шрыфтам Брайля.
У выданні «Символы суверенной Беларуси» змешчана інфармацыя пра галоўныя каштоўнасці нашага народа, традыцыі, значныя месцы. Кніга «Выборы в Беларуси. Коротко о главном» падрабязна распавядае пра развіццё выбарчай сістэмы ў нашай краіне.
Чытачам рэгіёна новыя кнігі даступны ў аддзеле перыядычных выданняў.


































