
Абласны Савет дырэктараў публічных бібліятэк вобласці
- Details
- Створана 05.02.2025 14:18
Пасяджэнне Савета дырэктараў публічных бібліятэк Віцебскай вобласці адбылося 4 лютага ў абласной бібліятэцы. Адкрыла пасяджэнне галоўны спецыяліст аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Зоя Гукава.
Яна закранула тэму арганізацыі работы з замежнай бязвыплатнай дапамогай гуманітарнай накіраванасці, а таксама анансавала тры абласныя сумесныя праекты ўстаноў культуры.
Намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Вольга Камендантава падвяла вынікі работы за 2024 год, раскрыла тэму электронных інфармацыйных рэсурсаў сусветных вытворцаў і баз даных для карыстальнікаў бібліятэк-удзельніц карпаратыўнага праекта віртуальнай чытальнай залы.
Судакладчыкам выступіла Ларыса Рагачова, загадчык аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі, прадставіўшы новы рэсурс «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў».
Наталля Пугачова, загадчык аддзела бібліятэказнаўства, удзяліла ўвагу матэрыяльна-тэхнічнай базе гарадскіх і сельскіх бібліятэк, у якіх былі праведзены капітальныя рамонты. Падрабязна спынілася на запаўненні статыстычных форм справаздачнасці і асвятліла важныя пытанні закупкі сацыяльна значнай літаратуры ў адпаведнасці з Планам выпуску сацыяльна значнай літаратуры ў 2025 годзе.
У рамках круглага стала калегі з публічных бібліятэк вобласці падзяліліся найлепшымі практыкамі работы. Алена Гудзь, загадчык Докшыцкай дзіцячай бібліятэкі, расказала пра паспяховы вопыт па падрыхтоўцы праекта «Юбілей пісьменніка – свята для чытача» на суісканне гранта фонду «Рускі свет». Асаблівасцямі стварэння і рэалізацыі экалагічнага праекта «Зялёная сукенка роднай зямлі» бібліятэкі-клуба Забор'е падзялілася Наталля Рыбакова, дырэктар ЦБС Расонскага раёна.


































