
Літаратура, якая аб’ядноўвае
- Details
- Створана 11.02.2025 09:05
Выстава тэатральнага плаката «Чэхаўская палітра», прадстаўленая ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна да 165-годдзя з дня нараджэння Антона Чэхава завяршылася сапраўдным тэатральным фіналам.
Два тыдні звыш 50 работ студэнтаў факультэта дызайну кафедры «Дызайн і мода» Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прадстаўлялі аўтарскія інтэрпрэтацыі твораў класіка, а ў выставачнай зале «ExLibris» абласной бібліятэкі чытачы змаглі азнаёміцца з унікальнымі выданнямі – зборнікамі апавяданняў 1901–1900 гадоў, падрыхтаванымі да друку самім аўтарам, зборнікам «Слово. Сборник второй. К десятилетию смерти А. П. Чехова», а таксама ўбачыць, як выглядала ў канцы XIX стагоддзя афіша прэм'ернай пастаноўкі «Чайка» ў Маскоўскім мастацкім тэатры.
10 лютага выстава плаката пераехала ў фае Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе стала своеасаблівым пралогам спектакля «Смешныя людзі». Гледачы, праходзячы міма маляўнічых плакатаў, паглыбляліся ў атмасферу тэатральнага дзейства яшчэ да пачатку паказу, бо Чэхаў – гэта не толькі класіка рускай літаратуры, але і невычэрпная крыніца натхнення для многіх пакаленняў мастакоў і тэатралаў. Яго аднаактовыя п'есы-жарты «Юбилей», «Предложение» і «О вреде табака» ажылі на сцэне дзякуючы таленту акцёраў і візуальнаму афармленню.
Выстава «Чэхаўская палітра» стала яскравым прыкладам перспектыўнага ўзаемадзеяння паміж абласной бібліятэкай, тэхналагічным універсітэтам і тэатрам імя Якуба Коласа. Такое супрацоўніцтва адкрывае новыя гарызонты для стварэння насычанага культурнага асяроддзя ў рэгіёне, а таксама ўзбагачэння чытацкага, глядацкага і творчага досведу.


































