
«Пароль неўміручасці – родная мова»
- Details
- Створана 17.02.2025 14:25
13 лютага ў бібліятэцы адбылася сустрэча з супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Гасцямі мерапрыемства сталі дырэктар Інстытута, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў і старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук Эльвіра Ярмоленка.
Таксама да сустэчы далучыўся ў анлайн-фармаце загадчык сектара камп'ютарнай лінгвістыкі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Уладзімір Кошчанка, які расказаў пра магчымасці праекта «Беларускі N-корпус», доступ да якога ёсць на сайце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Ігар Капылоў зрабіў экскурс у гісторыю вядучай навуковай установы краіны, расказаў пра знакамітых даследчыкаў роднай мовы і найбольш значныя выданні, над якімі працавалі і працуюць супрацоўнікі Інстытута. Пра работу мовазнаўцаў па вяртанні да чытача кніжнай спадчыны Беларусі, даследаванне моўных помнікаў распавяла Эльвіра Ярмоленка.
У час сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі «Беларуская мова ад А да Я», у якой у папулярнай форме расказваецца пра галоўныя падзеі ў гісторыі развіцця нацыянальнай мовы, яе адметныя рысы, знакавыя пісьмовыя помнікі і сучасныя слоўнікі. Ігар Капылоў перадаў у дар бібліятэцы апошнія з выданняў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.


































